# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Двухзубы відэлец.

Дарагія сябры, як заўжды па чацвяргах з вамі праект “Музейныя таямніцы …або з гісторыі аднаго прадмета”!

Відэлец… Такая звыклая для сучаснага чалавека рэч. Ці не праўда? Здаецца, што ён заўсёды быў індывідуальным прыборам, але на самай справе гэта далёка не так. У эпоху Сярэднявечча відэльцаў звыклага для нас выгляду не існавала ўвогуле. Лыжка і нож – вось індывідуальныя сталовыя прыборы таго часу. У XVI – XVII стагоддзях на землях Беларусі, як і ў іншых частках Еўропы, распаўсюджваюцца двухзубыя відэльцы. Яны мелі касцяныя ручкі, большасць з іх была выкавана з жалеза.

Гэтыя прылады яшчэ таксама не былі індывідуальнымі сталовымі прыборамі. Уявім сабе. На стале міска, альбо вялікая талерка з мясам. Побач з ёй – двухзубы відэлец. Адзін на ўсіх. Кожны з гасцей падцягвае да сябе блюда і з дапамогай уласнага нажа і двухзубага відэльца адразае сабе кавалак мяса. Потым кладзе яго на ўласную талерку і з асалодай, з дапамогай нажа і пальцаў, пачынае дзяліць яго на больш мелкія кавалкі і есці. Так было ў XVII стагоддзі па ўсёй Еўропе. Апетая Аляксандрам Дзюма ў “Трох мушкецёрах” французская каралева Ганна Аўстрыйская, менавіта такім чынам ела мяса падчас свецкіх прыёмаў. Для арыстакратаў, каб не пэцкаць адзенне тлустымі пальцамі, у той час была прынята пасля кожнай змены мясных блюдаў падаваць цёплую ваду з кавалачкамі цытрыны (лімона) і сурвэткі.

Менавіта такі відэлец і быў знойдзены пры археалагічных раскопках гістарычнага цэнтра Магілёва. Ён выкаваны з жалеза, мае касцяную, арнаментаваную рыфленнем ручку. Больш выкшталцоныя відэльцы таго часу, выкананыя з бронзы ці латуні, скарыстоўваліся для таго, каб браць з вазачкі дэсерт – “канфекты”. “Канфекты” – зацукрованая садавіна, як мясцовая, так і экзатычная.

Звыклыя для нас трох і чатырохзубыя індывідуальныя відэльцы пачнуць сваё “трыумфальнае шэсце” па Еўропе толькі ў XVIII стагоддзі. Першапачаткова яны распаўсюдзяцца ў асяроддзі эліты і сярод заможнай часткі насельніцтва гарадоў. Магілёў, як сведчыць археалогія, таксама быў у агульнаеўрапейскім “трэндзе” распаўсюджвання гэтых сталовых прыбораў.

Вядучы навуковы супрацоўнік Марзалюк А.В.