Ратуша

Вежа магілёўскай Ратушы, узведзеная на вышыню 47-мі метраў, мае назіральную пляцоўку, з якой адкрываецца маляўнічы відарыс на пойму Дняпра. На самым версе вежы ўсталяваны ўнікальны механічны гадзіннік, выраблены магілёўскім гадзіннікавым майстрам Г.Галоўчыкам. Стрэлка на адным з цыферблатаў праходзіць кола адзін раз за 500 гадоў.

28 чэрвеня 2014 года на вежы Ратушы з’явіўся новы “жыхар” – гэта механічная фігура гарадскога трубача. Аўтарам ідэі і выканаўцам механічнай часткі гэтай механічнай скульптуры стаў гадзіннікавы майстар Генадзь Галоўчык. Аўтарам  мастацкай часткі (твар і рукі) стаў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў.

1 кастрычніка 2014 года, у Міжнародны дзень музыкі, гарадская Ратуша правяла своеасаблівае свята – Дзень гарніста, на якім прайшло адкрытае галасаванне па выбару імя для механічнага трубача. Варыянты, прынятыя на галасаванне, на працягу некалькіх месяцаў паступалі на адрас музея ад грамадскасці не толькі з Магілёва, але з розных гарадоў Беларусі і нават з замежжа. У выніку галасавання большасцю было абрана імя Магіслаў (“той, хто славіць Магілёў”), прапанаванае скульптарам Андрэем Вараб’ёвым.

Цяпер Магіслаў кожны дзень выконвае гарадскую фанфару з балкона Ратушы апоўдні.

 

З гісторыі магілёўскай Ратушы.

(з архіва магілёўскага краязнаўцы Іераніма Восіпавіча Філіповіча)

 

У 1577 годзе кароль Стэфан Баторый, даючы Магілёву Вялікае магдэбургскае права, загадаў жыхарам горада пабудаваць школу і ратушу. У тым жа годзе каралеўскі чыноўнік Карыцкі, адпраўлены ў Магілёў для ўвядзення ў ім магдэбургскага права адвёў для ратушы на гарадскім рынку ўчастак у 11 прутоў (200 м2). У інвентары 1604 года ўзгадваецца ратуша, што знаходзілася ў недалёкім суседстве з Спаскай царквой.

У 1623 годзе члены гарадскога магістрата “сошедшись на ратуше” прынялі рашэнне пабудаваць “в рынке, где были чеботарские ряды” ратушу. Паколькі гэтае рашэнне было прынятае ў ратушы, трэба меркаваць, што наяўная ў той час ратуша чамусьці не задавальняла жыхароў. 9 верасня 1679 года гараджане пачалі будаўніцтва каменнай ратушы. На закладцы і асвячэнні фундаментаў прысутнічаў увесь склад магістрата, праваслаўнае і каталіцкае духавенства горада, пры гэтым было выпіта два гарцы гарэлкі, 15 гарцаў мёду і 5 гарцаў піва.

Будаўніцтва ратушы вялося з перапынкамі на працягу 3-ох гадоў і было завершана ў лістападзе 1681 года. Яно абыйшлося ў 8125 злотых і на яго было выкарыстана 103500 штук цэглы мясцовай вытворчасці, 800 з лішкам бочак вапны, каля 1500 вазоў пяску, 40 пудоў жалеза на розныя каваныя вырабы для будынка, у тым ліку на ваконныя рашоткі. На дах было выкарыстана 30900 шт. чарапіцы. Толькі ў 1679 г. з 9-га верасня па 2-е кастрычніка было адпрацавана 126 чалавека-дзён каменшчыкаў, 330 чалавека-дзён падсобных работнікаў.

Каменшчыкамі на будаўніцтве працавалі мясцовыя майстры: Феско, Васька Недасека, Андрэй, Грышка, і ім плацілі па 1 1/6 злотага ў дзень, а падсобным рабочым па ¼ злотага. У 1679 г. быў прададзены прыналежны гораду падвал, які пуставаў, грошы за які былі ўжытыя для будаўніцтва ратушы. Па завяршэнні будаўніцтва ратушы на яе асвячэнні ў лістападзе 1681 г. было выпіта 13 гарцаў віна, 7 гарцаў гарэлкі, 4 гарцы піва. Асвячэнне і адкрыццё ратушы суправаджалася граннем у званы і спевамі хора Брацкага манастыра. У будынку ратушы размяшчаліся: канцылярыя, судовы пакой, архівасховішча, пад ратушай размяшчалася сховішча гарадской казны. Для ратушы быў набыты звон вагою 44 фунта. Мясцовы мастак Афанасі Пігарэвіч чыстым золатам пакрыў два ветранікі, усталяваныя на будынку, а таксама парэнчы на ўваходных прыступках. Ім жа ўнутры будынка былі напісаныя ў судовым пакоі абразы евангелістаў, багародзіцы, а пазней партрэты каралёў. У ратушнай шафе ў тым жа пакоі захоўваўся крыж, які выкарыстоўваўся падчас судовых пасяджэнняў для прынясення на ім прысягі абодвума бакамі і сведкамі. Судовы стол памерамі 5 ½ локця (локаць – 52 см.) быў накрыты зялёным сукном. Печы ў ратушы былі кафляныя. У судовай ізбе захоўваўся таксама меч гарадскога ката і 4-ры гарадскіх харугвы з выявай на іх: на чырвоным полі блакітны крыж.

У 1682 годзе 23 чэрвеня былі пачатыя работы па тынкоўцы ратушы і завершаныя 6 ліпеня, кошт іх склаў 236 злотых. У чэрвені 1682 года пачалося будаўніцтва пры будынку ратушы каменнай вежы. Для вынаса ў натуру размяшчэння фундаментаў з г. Быхаў быў запрошаны нейкі немец, майстар Крузберг, які і кіраваў будаўніцтвам. Будаўніцтва вялося да канца жніўня.

Аднак выкладзеная амаль на вышыню ратушы каланча разбурылася, як пра гэта сведчыць запіс летапісца горада, Трафіма Сурты, зроблены ім у хроніцы Магілёва. На будаўніцтва каланчы было выдаткавана 142000 штук цэглы, нарыхтавана 1820 бочак вапны і 219 вазоў камення, за што было выплачана 2692 злотых. У сувязі з аварыяй далейшае будаўніцтва каланчы было прыпынена і адноўлена толькі 12 ліпеня 1692 года, а з старых руінаў за гэты час быў пабудаваны гарадскі цэхгаўз для захоўвання зброі. У 1692 г. за час ад 12 ліпеня да 18 кастрычніка на будаўніцтва вежы было выдаткавана 2643 злотых. Брыгада каменшчыкаў адпрацавала 467 чалавекадзён, каменшчыку плацілі па залатому ў дзень, а вучню ¼ залатога.  Падсобныя работнікі, якім плацілі па ¼ залатога, адпрацавалі 1123 чалавекадзён, а цесляры 162 чалавекадні за ½ залатога ў дзень. За гэты перыяд часу было выкарыстана на будаўніцтва 2467 вазоў пяску, 220 вазоў цэглы, было нарыхтавана 73 вазы дзёру. Маецца запіс пра пакупку 310 шт. дошак, 140 бярвён, 60 вазоў гліны, 125 шт. кафлі, выкарыстанай на печы. Наступныя запісы аб будаўніцтве вежы маюцца толькі ў 1698 г. Ці вялося будаўніцтва з 1692 г. па 1698 – невядома. У 1698 г. работы па будаўніцтве былі распачатыя 25 мая і завершаны 30 ліпеня. У прыходна-расходных кнігах магістрата маюцца запісы аб тым, што “каля вежы” рабілі рыштаванне, якое вязалі хворастам і лейцамі, і набывалі “барвенье для руштования”. Відавочна, у гэты час працы вяліся ўжо на верхніх паверхах. Пра гэта таксама сведчыць запіс, што “пляцовые (гарадская варта) доглядами ремесленников один на горе другой на доле”. На будаўніцтве працавала 10 каменшчыкаў і 2 майстры.

Падсобных працавала 20-24 чалавекі. Цэглу вазілі з Папінскага канца (цяпер Завадская вуліца). Сувязь паміж верхам вежы і брусамі перакрыццяў паміж паверхамі была жалезнай. На завяршэнне будаўніцтва было выкарыстана 90 тыс. Цэглы, 550 вазоў пяску, 1060 бочак вапны. У 1698 г. было адпрацавана на будаўніцтве падсобнымі работнікамі 980 чалавекадзён і 330 чалавекадзён каменшчыкаў. Ці было ў 1698 г. канчаткова завершана будаўніцтва ратушнай вежы, ці яно яшчэ працягвалася пазней, невядома. Аднак ва ўсялякім выпадку відавочна, што асноўныя будаўнічыя работы па ўзвядзенні самаго будынка былі завершаны. Таўшчыня сцен вежы ў ніжнім паверсе дасягала 1,5 м., у вехнім – 1 метра. Архітэктурнае афармленне вежы ў межах 2-х ніжніх ярусаў ажыццяўлялася ў выкарыстанні рустаў, прычым на другім ярусе меліся прамавугольныя і круглыя вокны. Круглыя нішы і вокны былі і на 3 і 4 ярусах. Вежа завяршалася конусападобным дахам з шпілем, на канцы якога быў устаноўлены крыж.

У 1772 г., пасля далучэння Магілёва да Расіі Магілёўскі генерал-губернатар аддаў распараджэнне аб рэстаўрацыі гарадской ратушы, паводле прапанаванага чарцяжа.   У 1773 годзе для гэтых работ было прывезена 246200 шт. цэглы і 891 чвэрць вапны. У чым канкрэтна заключалася перабудова невядома, але гледзячы па тым, што для разбіўкі сцен былі выраблены 8 жалезных білаў вагою па 2 пуды 32 фунты і 6 білаў па 1-м пудзе 6 фунтаў, можна зрабіць выснову, што перабудоўваліся сцены ратушы.

На перабудову было выкарыстана 1880 лістоў бляхі, 1250 коп розных цвікоў. Для мацавання сцен было падрыхтавана 49 анкероў. Пра перабудову сцен ратушы гаворыць запіс пра падрыхтоўку крыжовых анкераў для вежы і шкворняў для падрыхтоўкі пад’ёмнікаў. Параўнанне малюнкаў вежы канца XVII ст. з яе больш познім відам робіць магчымым меркаванне, што верхні 4-ты паверх яе быў перабудаваны альбо недабудаваны і першапачатковы конусападобны дах быў заменены на купалападобны. Вяршыню шпіля замест крыжа ўзначаліў двугаловы арол. У 1858 г. вежа і будынак ратушы зноўку былі перабудаваныя. На вежы быў усталяваны гадзіннік, зняты з езуіцкага касцёла і на ёй было прызначана кругласутачнае дзежураванне пажарнага. У сакавіку 1918 г. палякі, заняўшы Магілёў, усталявалі на будынку ратушы мемарыяльную дошку, тэкст якой сведчыў пра ўваходжанне Магілёва ў склад польскай дзяржавы. 1-га мая 1920 года з шпіля ратушы быў зняты двугаловы арол і заменены гнрбам Савецкай дзяржавы сярпом і молатам.

Мясцовы пажарны, які здолеў паставіць серп і молат на шпілі без якіх-кольвек рыштаванняў быў узнагароджаны імянным залатым гадзіннікам. Да рэвалюцыі ў будынку ратушы размяшчалася гарадская управа. Пасля ўсталявання ў Магілёве Савецкай улады ў 1917 годзе ў ратушы знаходзіліся некаторыя аддзелы Губрэўкома. У часы вайны 1941-45 гг. будынак ратушы і вежа былі ў некаторых месцах пашкоджаны снарадамі, але стаялі цэлыя. Хутка пасля вызвалення горада было прынята рашэнне аб рэстаўрацыі гэтага ўнікальнага помніка даўніны, што ўвабраў у сябе вопыт і майстэрства мясцовых майстроў мінулых стагоддзяў. Аднак некалькі гадоў пасля, невядома нашто, былі ўзарваны. Гістарычна склаўшаяся на працягу стагоддзяў галоўная плошча горада і горад пазбавіліся шматсотгадовага ўпрыгожвання. На змену яму было пастаўлена назіральнае, альбо як кажуць у народзе “чортава” кола, якое і да сённяшняга дня стаіць як сведчанне тупасці, непісьменнасці гораданачальнікаў, што вынеслі смяротны прысуд помніку мінулай гісторыі горада.

20.XII.1970 г.