Установа культуры “Музей гісторыі Магілёва”

Музей гісторыі Магілёва размяшчаецца ў будынку адноўленага помніка архітэктуры XVII стагоддзя – гарадской Ратушы.

Экспазіцыя музея называецца “Магілёў у эпоху магдэбургскага права”, але дазваляе прасачыць асноўныя этапы ў развіцці горада ад глыбокай старажытнасці да канца ХІХ ст., а цэнтральная частка экспазіцыі прысвечаная часу найбольшага культурнага росквіту Магілёва, калі горад быў адным з самых буйных і ўплывовых ва Ўсходняй Еўропе – перыяду з XVI па XVIIІ стагоддзі. У гэты час Магілёў уваходзіў у склад Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы з 1577 г. меў права на самакіраванне (Магдэбургскае права) і быў прыроўнены ў правах да сталіцы дзяржавы, Вільні.

Адметнасць магілёўскай Ратушы – як і стагоддзі таму, яна з’яўляецца цэнтрам гарадскога жыцця. Тут, у шыкоўнай канферэнц-зале адбываюцца ўрачыстыя сустрэчы, падпісанні міжнародных пагадненняў, прэс-канферэнцыі і прыёмы старшыні гарвыканкама, рэгістрацыі шлюбаў. Канферэнц-зала ўпрыгожаная партрэтамі магілёўцаў, якія пакінулі яркі след у гісторыі горада і Беларусі.

Музей мае таксама войтаўскую залу, якая вяртае нас у часы магдэбургскага права, у часы самастойнага і заможнага горада. Асноўныя экспазіцыйныя памяшканні знаходзяцца на першым паверсе. Тут мы даведваемся, што горад узнік на высокім беразе Дняпра ў канцы І тысячагоддзя н.э., і быў заселены славянамі, якія актыўна гандлявалі на шляху “з варагаў у грэкі”. Пачынаючы з XVI ст. горад рос і ўзвышаўся над астатнімі, гандлюючы з самымі далёкімі краямі, мужна баронячыся ў час шматлікіх войн і навалаў. Побыт гараджаніна ў XVI – XVIІІ стст., сімвалы ўлады і свабоды, канфесійнае жыццё, вопратка, узбраенне і прылады працы, упрыгожванні, мода і гульні – вядучыя тэмы асноўнай экспазіцыі музея.

Выбітная каштоўнасць у музейнай экспазіцыі – адзіны ў Беларусі экзэмпляр Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г., выкуплены за кошт прыватных ахвяраванняў грамадзян і дзякуючы спонсарскай дапамозе кампаніі Alpari. Статут 1588 г. – вышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, папярэднік еўрапейскіх канстытуцый і самы прагрэсіўны ў тагачаснай Еўропе дзяржаўны звод законаў.

Вежа магілёўскай Ратушы, узведзеная на вышыню 47-мі метраў, мае назіральную пляцоўку, з якой адкрываецца маляўнічы відарыс на пойму Дняпра. На самым версе вежы ўсталяваны ўнікальны механічны гадзіннік, выраблены магілёўскім гадзіннікавым майстрам Г.Галоўчыкам. Стрэлка на адным з цыферблатаў праходзіць кола адзін раз за 500 гадоў.

Музей працуе: з 10.00 да 18.00.

Выходныя: Панядзелак, аўторак.

Увага! У сувязі з правядзеннем у музеі афіцыйных, урачыстых і святочных мерапрыемстваў, просім загадзя ўдакладняць інфармацыю пра магчымасць наведвання экспазіцыі.

Адрас дырэкцыі: Рэспубліка Беларусь г. Магілёў, вул. Ленінская 1А.

Дырэктар: Бяспанскі Сяргей Iванавіч

Прыём грамадзян па асабістых пытаннях дырэктарам: аўторак, з 8.00 да 13.00

Прамая лінія – кожны першы працоўны аўторак квартала, з 9.00 да 10.00 па тэл. +375(222)24-50-10

У яго адсутнасць:

– Намеснік дырэктара па агульных пытаннях: Чэпкасава Ала Анатольеўна

– Галоўны захавальнік фондаў: Атрошчанка Святлана Пятроўна

Тэлефон гарачай лініі: +375(222)24-50-11

Тэлефон прыёмнай: +375(222)24-50-11

Запіс экскурсій: +375(222)78-59-68 (штодзённа з 10.00 да 17.00, абед з 13.00 да 14.00).

Пералік адміністратыўных працэдур на падставе заяўнага прынцыпу «адно акно»: Спампаваць

Гісторыя музея

Ідэя стварэння Музея гісторыі Магілёва паўстала ў гарадскога кіраўніцтва ў 1990 г. У адпаведнасці з рашэннем гарадскога Савета народных дэпутатаў г. Магілёва №4-34 ад 16.07. 1990 г. была абвешчана неабходнасць стварэння Музея гісторыі Магілёва. Гэтым жа рашэннем для арганізацыі работы музея быў выдзелены будынак – помнік архітэктуры 1 катэгорыі канца XVIII стагоддзя – архірэйскі палац Георгія Каніскага па адрасе: г. Магілёў, вул. Ленінская, 11а, які пазней быў перададзены Магілёўскай Епархіі Беларускага Экзархата Рускай праваслаўнай царквы.

Утвораны музей быў у 1992 г. У маі месяцы гэтага года быў прызначаны першы дырэктар Музея гісторыі Магілёва – гісторык Ігар Аляксандравіч Пушкін (зараз – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання). Таксама быў набраны штат супрацоўнікаў, пачалася праца па зборы і набыцці музейных экспанатаў. Музей быў заснаваны ў мэтах захавання гістарычнай пераемнасці гарадской культурнай традыцыі Магілёва.

Для размяшчэння службовых памяшканняў і выставачнай залы музея рашэннем Магілёўскага гарвыканкама № 19-21 ад 19.05. 1999 г. на баланс упраўлення культуры гарвыканкама быў перададзены 1-шы паверх будынка па вул. Ленінскай, 13. У новы будынак музей пераехаў у 2002 г. На першым паверсе будынка па вул. Ленінскай, 13 размяшчаліся службовыя памяшканні, фондасховішча (18,9 кв. м), дзве выставачныыя залы (83,88 кв.м і 36,8 кв. м). Першая экспазіцыя музея адкрылася ў 2005 г. і яна называлася “Магілёў часоў магдэбургскага права XVI-XVIII стст.”. На 2-м паверсе будынка знаходзіліся жылыя памяшканні.

Рашэннем Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ад 14.08.2003 г. № 18-28 быў створаны філіял “Буйніцкае поле” Установы культуры “Музей гісторыі Магілёва”. На мемарыяльным комплексе была створана фотаэкспазіцыя “Магілёў летам 1941-га: дні і ночы мужнасці”.

У 2008 годзе, пры асабістым удзеле Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленай Ратушы горада Магілёва. Тады ж у будынку Ратушы размясцілася сучасная экспазіцыя Музея гісторыі Магілёва – “Магілёў у эпоху магдэбургскага права”.

У 2012 годзе, 21 чэрвеня ў аператыўнае кіраванне музею была перададзена гарадская Выставачная зала – асобнае памяшканне, размешчанае па вул. Болдзіна, 1. Прадмет дзейнасці Выставачнай залы – развіццё беларускага выяўленчага мастацтва: жывапіс, скульптура, графіка, манументальна-дэкаратыўнае мастацтва і іншыя формы выяўленчага мастацтва. Сама гарадская выставачная зала функцыянуе з 13 жніўня 1966 года.  У 2014 годзе прайшла рэкаструкцыя памяшкання залы і да Дня горада 28 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы работ Магілёўскай арганізацыі Беларускага Саюза мастакоў. У ходзе рамонту велізарнае памяшканне падзялілі на сектары, што дазваляе зараз размяшчаць самыя розныя экспазіцыі. Тут з’явілася больш прасторы для скульптур, забяспечваецца неабходны мікраклімат для захавання тэмпературнага і вільготнаснага рэжымаў, працуюць асвятляльныя мабільныя сістэмы, якія дазваляюць карэктаваць кірунак святла і чыё выпраменьванне не псуе маляўнічы пласт, створаны ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ёсць зона адпачынку, працуе салон-магазін.

Асноўнай мэтай работы музея з’яўляецца ажыццяўленне навукова-асветніцкай, навукова-даследчай і адукацыйнай дзейнасці, выяўленне і камплектаванне музейных прадметаў і музейных калекцый па гісторыі і культуры горада Магілёва, іх вывучэнне і публічнае прадстаўленне. Музей гісторыі Магілёва імкнецца музейнымі сродкамі адлюстраваць асноўныя этапы генезісу горада, паказаць гісторыка-культурны кантэкст яго ўзнікнення і развіцця – з дапамогай рэчаў паказаць свет людзей якія стварылі гэтыя рэчы. Сваёй галоўнай задачай творчы калектыў музея лічыць паказ чалавека ў сістэме камунікацый,  якая існавала ў мінулым, яго жыццядзейнасці ў кантэксце той сацыяльнай, прафесійнай, канфесійнай групы да якой ён належаў.

Музей праводзіць міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць” 1 раз у два гады. Першая канферэнцыя адбылася ў 1998 г., апошняя, XІI канферэнцыя – ў 2021 г. За гэты час было прадстаўлена і апублікавана больш за 650 дакладаў даследчыкаў з розных гарадоў Беларусі, Балгарыі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Латвіі. Літвы, Расіі, Сербіі, Польшчы, Украіны, Туркменістана, Швецыі. Былі выдадзеныя зборнікі навуковых прац канферэнцыі.

Дырэктарамі музея былі: Пушкін Ігар Аляксандравіч (1992 – 2001 гг.); Якушаў Уладзімір Іванавіч (2002 – 2003 гг.);  Мінчукоў Юрый Якаўлевіч (2003 – 2004 гг.); Валадзько Людміла Аляксандраўна (2004 г.); Яшмецьеў Алег Валянцінавіч (2004 – 2008 гг.); Клімаў Сяргей Міхайлавіч (2008 – 2010 гг.); Бацюкоў Аляксей Мікалаевіч (2011-2021 гг.), Бяспанскі Сяргей Iванавіч (з 2021 г. па цяперашні час).

Навуковымі супрацоўнікамі музея ў розны час працавалі – д. г. н., прафесар Ігар Аляксандравіч Марзалюк, к. г. н., дацэнт Аляксандр Рыгоравіч Агееў,  Вольга Уладзіміраўна Сафонава, Юрый Васілевіч Прачакоў, Юлія Канстанцінаўна Барадзіна, Жана Аляксандраўна Крыксіна, Анатоль Аляксеевіч Чарняўскі, Вольга Аляксандраўна Чарняўская.  Зараз у склад навуковых супрацоўнікаў музея ўваходзяць: Алена Віктараўна Марзалюк, Наталля Алегаўна Прачакова, Пётр Іванавіч Хаванскі, Віталь Васілевіч Сухаркоў, Ірына Іванаўна Трафімава. Галоўнымі захавальнікамі фондаў музея былі: Галіна Дзмітрыеўна Забродская, Аксана Міхайлаўна Чачкова, Яўген Сяргеевіч Балбераў, Алена Сяргееўна Мазур. Зараз галоўным захавальнікам з’яўляецца Атрошчанка Святлана Пятроўна.