# play # Ратуша Гісторыя Навіны

IN MEMORIAM Пётр Іванавіч Хаванскі (4.03.1959 – 2.05.2024 гг.)

2 траўня перастала біцца сэрца нашага калегі, навуковага супрацоўніка Музея гісторыі Магілёва, Пятра Іванавіча Хаванскага. Пётр Іванавіч быў яркай, неардынарнай асобай, добра вядомай усім краязнаўцам, гісторыкам і ўсім, хто любіў гісторыю роднага горада і Магілёўскага краю.

Ён быў «усяедным» – яго цікавіла старажытная і сярэднявечная гісторыя, ён выдатна разбіраўся ў нумізматыцы і баністыкі, але самым яго вялікім запалам, справай усяго жыцця, была гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. Ніхто так у дэталях і дробязях не ведаў гісторыю абароны Магілёва ў 1941 годзе, як ведаў ён. Ён жыў знакамітым Буйніцкім полем, яго экскурсіі па гэтым аб’екце нашай гісторыка-культурнай спадчыны заўсёды пакідалі незабыўнае ўражанне ў душах і сэрцах тых, хто яго чуў. А яшчэ была пошукавая праца ў рамках ваенна-патрыятычнага клуба «ВІККРУ», удзел у сотнях палявых выхадаў і экспедыцыях… Пётр Іванавіч шчодра дзяліўся не толькі сваімі ведамі, але і сабранымі ім артэфактамі. Пра гэта сведчаць перададзеныя ім каштоўныя экспанаты ў фонды Музея гісторыі Магілёва і Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Раманава. Усе яго памкненні былі накіраваны на папулярызацыю гісторыі роднага Магілёўскага краю, любімай Беларусі.

Добры, спагадлівы, з сардэчнай усмешкай, такім Пётр Іванавіч Хаванскі запомніцца ўсім, хто яго ведаў, працаваў, супрацоўнічаў. Вечная памяць ТАБЕ, дарагі сябар, таварыш, калега!