# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. “Горад якога няма. Гісторыя ў паштоўках. Працяг 2.”

Добры дзень, дарагія сябры нашага музея!

Мы з вамі ў чарговы раз з лёгкім сумам паглядзім на старадаўнюю паштоўку, прачытаем такую знаёмую назву і перанясемся на 100 гадоў таму. Менавіта так у пачатку ХХ стагоддзя выглядала Тэатральная плошча ў губернскім Магілёве. А гісторыя найпрыгажэйшай царквы ў стылі барока, намаляванай на паштоўцы, пачалася значна раней.

У 1678 годзе ў горадзе была заснавана езуіцкая рэзідэнцыя, а праз некалькі гадоў пачалося будаўніцтва калегіума. У 1699-1725 гг. на тэрыторыі культавага комплексу замест драўлянага быў узведзены каменны касцёл Святога Францыска Ксаверыя. Тут жа знаходзіліся Гарадская Аптэка, а пазней музей і бібліятэка на 5 000 кніг. У 1820 годзе ордэн езуітаў перастаў існаваць: калегіум улады ператварылі ў ваенна-афіцэрскую школу, а касцёл перайменавалі ў Васкрасенскую царкву.

Зараз на падмурку калегіума стаіць будынак Магілёўскага музея этнаграфіі: адна з яго сцен з’яўляецца аўтэнтычнай сцяной XVIII стагоддзя, а вось царкву мы можам убачыць толькі на старадаўняй паштоўцы, яна была разбурана ў 1962 годзе.

Галоўны захавальнік фондаў, С. П. Атрошчанка