# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямнiцы. Узнагародны знак “За актыўны пошук”

Сёння ў рубрыцы “Музейныя таямніцы” разгледзім рэдкі адметны ўзнагародны знак беларускіх пошукавікаў “За актыўны пошук”.

У савецкія часы спецыяльнай узнагародай для людзей, якія займаюцца пошукам няўлічаных воінскіх пахаванняў, быў нагрудны знак “За активный поиск”. Пасля распаду СССР у Расійскай Федэрацыі нагрудны знак “За активный поиск” савецкага ўзору быў заменены на знак “За отличие в поисковом движении” I, II і III ступені.

У Рэспубліцы Беларусь запатрабаваліся свае ўзнагароды для пошукавікаў.
Нагрудны знак “За актыўны пошук”, яго знешні выгляд і палажэнне аб знаку пачалі распрацоўвацца яшчэ ў 2002 годзе.

Нагрудны знак «За актыўны пошук» уяўляе сабой выпуклую пяціканцовую зорку залацістага колеру на фоне залацістых прамянёў, разбежных у выглядзе пяціканцовай зоркі, канцы якой размешчаны паміж канцамі выпуклай залацістай зоркі. У сярэдзіне залацістай зоркі – круглая пласціна сталёвага колеру, у верхняй частцы якой размешчаны картаграфічны контур Беларусі зялёнага колеру. У цэнтры пласціны на зялёны контур нанесена выява залацістых запясцяў рук з двума далонямі, якія падтрымліваюць залацістую чару з пунсовым рэльефам полымя. У ніжнім сектары пласціны радыяльна размешчана чырвоная стужка з раздвоенымі канцамі з надпісам залацістага колеру “За актыўны пошук”.

Нагрудны знак пры дапамозе дзвюх вушак і кольцы злучаецца з падставай прамавугольнай калодкі з муаравай Георгіеўскай стужкай, на якой дыяганальна размешчана залацістая лаўровая галіна. На адваротным баку нагруднага знака выгравіраваны надпіс: “Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў”. Нагрудны знак мацуецца да вопраткі пры дапамозе шрубы і гайкі.
Нагрудны знак вырабляецца з металу, каляровыя часткі афарбоўваюцца эмаллю, знак пакрываецца лакам. Памер нагруднага знака: вышыня – 60 мм, шырыня – 40 мм.

Першае ўзнагароджанне знакам адбылося 23 чэрвеня 2011 года і было прымеркавана да 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Сярод узнагароджаных – дырэктар УК “Музей гісторыі Магілёва” Сяргей Іванавіч Бяспанскі і навуковы супрацоўнік нашага музея Пётр Іванавіч Хаванскі.