# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Выданне 1887 года «Хроника белорусского города Могилева А.Трубницкого, М.Трубницкого»

Вітаем вас, шаноўныя аматары гісторыі! Рубрыка “Музейныя таямніцы” шточацьвер знаёміць вас з нашымі фондамі.

Аднымі з першых музейных прадметаў у фондах нашага музея была калекцыя кніг, якую перадаў ў 1994 годзе вядомы магілёўскі пісьменнік і педагог, удзельнік абароны Магілёва 1941 года Міхаіл Іосіфавіч Шульман перад эміграцыяй у ЗША.

У гэтай калекцыі ёсць каштоўнае выданне 1887 года «Хроника белорусского города Могилева А.Трубницкого, М.Трубницкого». Гэта першае асобнае і скарочанае выданне гарадской хронікі горада Магілёва, якая стваралася на працягу XVII – XIX стагоддзяў і якая ахоплівае перыяд з 1526 па 1856 год. Яна з’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і культурнага жыцця Магілёва на працягу некалькіх стагоддзяў, змяшчае шмат унікальных звестак.

У 1822 г. канцэлярскі служачы магілёўскага Галоўнага Суда і аматар гісторыі Мікалай Гартынскі пазнаёміўся з Міхаілам Трубніцкім — тагачасным уладальнікам і захавальнікам старой сямейнай хронікі на польскай мове пра магілёўскія падзеі пачынаючы з XVI ст. і нават раней, якую вялі яшчэ бацька яго і дзед. Для Гартынскага уладальнік рукапісу зняў «літаральна дакладную копію». Пры гэтым туды не трапілі весткі, якія не датычыліся гісторыі Магілёва, і звесткі аб пачынальніку хронікі – члене гарадскога магістрата «лаўніку і купецкім старасце» Трафіме Сурце. Пазней высветліцца, што копія была больш чым удвая менш арыгінала.

М. Гартынскі хроніку пераклаў з польскай мовы, дадаў сваю прадмову і дапаўненні «з іншых крыніц, у тым ліку гісторыка-тапаграфічнае апісанне Магілёва, заснаванае на паданнях пісьменнікаў і памяці перакладчыка». Гартынскі паведаміў, што арыгінал згублены, хоць ён у той час знаходзіўся ў Імператарскай публічнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбурзе, магілёўскі краязнаўца Геранім Філіповіч ў 1968 г. “знайшоў” хроніку там, дзе яна праляжала амаль стагоддзе.

Старшы навуковы супрацоўнік, Прачакова Наталля Алегаўна.