# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы. Аляксей Емяльянавіч Касцючэнка

Музей гісторыі Магілёва вітае прыхільнікаў нашага музея! З вамі рубрыка «Музейныя таямніцы… ці з гісторыі аднаго прадмета»…

Сёння мы пазнаёмім вас з лёсам нашага земляка-героя часоў Першай Сусветнай вайны. Нядаўна музей наведаў унук Аляксея Емяльянавіча Касцючэнкі, поўнага кавалера Георгіеўскага крыжа Першай Сусветнай вайны (два сярэбраныя і два залатыя), і падзяліўся цікавай інфармацыяй аб сваім дзядулі.

Нарадзіўся Аляксей Емяльянавіч у сяле Рабавічы Быхаўскага павета (цяпер Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобласці) у 1890 годзе, з сялян. Быў мабілізаваны ў Расійскую Імператарскую армію, служыў падпрапаршчыкам у 14-м Сібірскім стралковым палку. Узнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі: 4-арт. № 46790 – За адрозненні, аказаныя ў справах супраць непрыяцеля, 3-ці арт. 9085 – За адрозненні, аказаныя ў справах супраць непрыяцеля, 2-й арт. № 21283 – За адрозненне ў баі 10.07.1915 г. пад мест.Пяскі, 1-й ст. 4714 – За адрозненне ў баі 1.01.1916 г. Узнагароджаны Георгіеўскім медалём «За адвагу» № 47025. Быў паранены асколкам снарада ў сківіцу, у выніку чаго сваё калецтва ўсё жыццё прыкрываў барадой.

У 1933 г. быў раскулачаны, асуджаны на 4 гады, працаваў на Беламорканале. Пасля адбывання пакарання адмовіўся ад прапановы адміністрацыі застацца вольнанаёмным: «Бо я ні ў чым не вінаваты!», – і вярнуўся на радзіму ў Беларусь. Па прыбыцці ў родную вёску ў 1937 годзе, быў паўторна арыштаваны, асуджаны і расстраляны ў Магілёве. Рэабілітаваны ў жніўні 1958 года (пасмяротна). Няпоўныя дадзеныя аб Георгіеўскім кавалеры ёсць у кнігах Бяспанскага С.І. “Служачы прыкладам бясстрашнасці” і Барысенка Н.С “Рэха Вялікай вайны ва Усходняй Беларусі”.

Музей гісторыі Магілёва працягвае збор інфармацыі аб лёсах нашых землякоў для будучага музея Воінскай Славы Магілёўшчыны на МК “Буйніцкае поле”.