# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Цэгла пальчатка

Дарагія сябры, як заўжды па чацвяргах з вамі праект “Музейныя таямніцы ….або з гісторыі аднаго прадмета”!

У экспазіцыі Музея гісторыі Магілёва раім звярнуць увагу на цэглу з своеасаблівымі “барознамі-пальцамі”. Знаёмцеся – гэта цэгла пальчатка. Але не проста цэгла. Гэта аўтэнтычныя цагліны з падмурка магілёўскай ратушы. Цэгла, якая ператрывала ўсё. Часы Паўночнай вайны і вайну 1812 года, Першую і Другую Сусветныя войны ды здолела ацалець пасля выбуху 1957 года, калі аўтэнтычны будынак ратушы ператварыўся ў груду будаўнічага друзу.

Гэтая цэгла – своеасаблівае ўвасабленне ўнікальнасці беларускай будаўнічай традыцыі, спалучэнне двух будаўнічых тэхнік – старажытнай, візантыйскай, якая ўзыходзіць да мураваных храмаў XI – XII стагоддзяў Полацка, Віцебска, Турава, Наваградка і Гародні, ды заходнееўрапейскай, якая бярэ пачатак у XIII – XIV стст. Ад першай – маленькая таўшчыня цэглы. Гэта ўнікальная адзнака магілёўскай школы мураванага дойлідства, якая ўзыходзіць да старажытнай цэглы-плінфы, што па форме была набліжана да квадрата. Другая ўпершыню ўзнікла ў далёкай Ламбардыі ды неўзабаве распаўсюдзілася ў мураваным дойлідстве ўсёй Еўропы – прамавугольныя абрысы выраба і нанесеныя на адным баку цаглянай “пасцелі” – барозны-пальцы, для лепшай фіксацыі вапнавай рошчыны ў муроўцы будынка.

Камянецкая вежа XIII ст. – першы будынак на тэрыторыі сучаснай Беларусі збудаваны з цэглы-пальчаткі. Цэгла-пальчатка выкарыстоўвалася ў мураваным дойлідстве Беларусі аж да канца XVIII ст. Магілёўская цэгла адрозніваецца ад іншай беларускай цэглы пальчаткі вытанчанай зграбнасцю, невялікай таўшчынёй выраба, што ў свой час прыводзіла ў зман нават гісторыкаў архітэктуры. Апошнія, пабачыўшы муроўку магілёўскіх храмаў, адносілі іх да перабудаваных бажніц XI – XII стагоддзяў. А яшчэ магілёўскія дойліды любілі на асобных цаглінах наносіць барозны наўскасяк, пад вуглом у 45 градусаў.

Калі глядзіш на магілёўскую цэглу пальчатку, міжволі прыгадваешь словы з верша нашага вялікага Алеся Разанава: “Тут наш Захад і тут наш Усход”. Наш, беларускі, унікальны і непаўторны свет. Які аб’ядноўвае, а не дзеліць. Людзей, культуры, цывілізацыі…

Вядучы навуковы супрацоўнік Марзалюк А.В.