# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Жаночы бранзалет

Добры дзень, дарагія сябры!
Як заўжды па чацвяргах з вамі праект “Музейныя таямніцы…. або з гісторыі аднаго прадмета”!
«ЖООД – Святой Зямлі святыя ромбы»
2005 год. Ідуць раскопкі магілёўскага замчышча, легендарнай гары Магіла. Зараз гэта тэрыторыя парка імя М. Горкага. Пасля шматлікіх перакопаў, друзу і смецця, археолагі выходзяць на самую старажытную, цудам ацалелую частку культурнага слоя XII – сярэдзіны XIII стагоддзяў. Тут, на вялікай глыбіні, акрамя кавалкаў гаршчкоў, шкляных бранзалетаў, побытавых металічных вырабаў, быў знойдзены металічны, з алавяніста-свінцовага сплаву, аздоблены рамбічным арнаментам, жаночы бранзалет “наруч”.
Ну і што з таго? Запытаецеся вы. Выраб просценькі, танны сплаў. Усё так, але і зусім не так. Унутраны бок бранзалета стаўся сенсацыяй сезону. На адваротным баку выраба выразна чыталіся літары, складзеныя ў адно слова – “ЖООД”. Спецыялісты прыйшлі да высновы – гэта перададзенае кірыліцай, скажоннае, грэчаскае слова “Geodis” – Зямля.
Ромбы, сімвалы зямлі, дома, хлеба, чалавека, ураджаю на вонкавай паверхні выраба. Слова напісаннае з зваротнага боку, таемна (отай, як яны казалі), з аналагічным сэнсам. Усё гэта сведчыць – перад намі рэч, якая засцярагала яе гаспадыню, мусіла забяспечваць яе жаночае шчасце і дабрабыт. Але самае галоўнае! Гэта найбольш старажытны надпіс датаваны XII – сярэдзінай XIII стагоддзя. І ён неабвержна сведчыць, магілёўская жанчына таго часу была не толькі пісьменнай, але яшчэ і ведала грэчаскую мову. Ганарымся продкамі, з павагай ставімся да іх памяці ўвасобленай у рэчах, што памятаюць пра цеплыню іх рук!