# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Пячатка з гербам “Суліма”

Дарагія сябры, як заўжды па чацвяргах з вамі праект “Музейныя таямніцы…. або з гісторыі аднаго прадмета”!
З 2016 года ў фондах Музея гісторыі Магілёва знаходзіцца ўнікальны экспанат – пячатка эліпсападобнай формы з польскім дваранскім гербам “Суліма”. Гэтую пячатку і яшчэ адзін цікавы прадмет бязвыплатна перадаў музею Ягор Алегавіч Воранаў, які знайшоў гэтыя артэфакты ў падсыпцы з прывазной зямлі на сваім дачным участку па накірунку да вёскі Сухары Магілёўскага раёна. Герб «Суліма» ўяўляе сабой шчыт, падзелены гарызантальна на дзве паловы. У верхняй – выява арла, у ніжняй размешчаны трохвугольнікам тры стылізаваных алмаза. Вянчае шчыт шлем і карона, на якой знаходзіцца Арол. Ніжэй шчыта маюцца выявы узнагарод на стужках: два крыжы і медаль. Яны не з’яўляюцца элементамі герба, а, хутчэй за ўсё, сведчаць аб тым, што ўладальнік пячаткi ўдзельнічаў у баявых дзеяннях і быў узнагароджаны. Пячатка выраблена ў XVIII стагоддзі з бронзы шляхам кавання і гравіроўкі. На адваротным баку пячаткi – чатырехграннае трыманне, якое звужваецца ў верхняй частцы. Такой пячаткай рабіўся адбітак на воску, запячатваліся лісты і іншыя дакументы.
Зямля, дзе былі выяўленыя артэфакты, пасля была агледжана спецыялістамі. Яна ўтрымоўвала вялікую колькасць ганчарнай керамікі, аднак іншых знаходак не аказалася. На жаль, не ўдалося ўсталяваць месца, адкуль быў завезены грунт на дачны ўчастак. Таму таямніца пячаткi яшчэ патрабуе сваёй разгадкі.