# play Выставачная зала Выставы Навіны

Арт-праект “Магілёў вачыма гасцей”

Традыцыйна, ужо чацвёрты раз, у Магілёве стартаваў арт-праект “Магілёў вачыма гасцей”. Арганізатарамі арт-праекта з’яўляюцца Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт, Упраўленне культуры Магілёўскага гарвыканкама, Установа культуры “Музей гісторыі Магілёва”. Аўтар ідэі і куратар праекта-беларуская мастачка Аксана Яўдакіменка, член Беларускага саюза мастакоў, удзельнік шматлікіх сімпозіумаў у розных краінах.

У Магілёў з’язджаюцца мастакі, каб адкрыць для нас з вамі зусім іншы Магілёў. Сёлета, у рамках праекта «Магілёў вачыма гасцей», праходзіць пленэр «Мой МагіЛЕУ». Удзельнікамі гэтага пленэру ў 2021 годзе сталі вядомыя мастакі-манументалісты члены Беларускага саюза мастакоў на чале з яго старшынёй Глебам Айчыкам: Аксана Еўдакіменка, Вера Юркова, Галіна Конанава, Васіль Зянько, Васіль Касцючэнка, Уладзімір Зленка, Аксана Гайдуковіч, Інга Карашкевіч і Сяргей Варкін. Трое з іх прадстаўляюць Магілёў.

Многія гарады маюць свае адметныя сімвалы, якія з’яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай, гонарам іх жыхароў. Безумоўна сімвалам нашага горада стаў леў. Таму ідэя роспісу львоў паўстала не выпадкова. Скульптар Андрэй Вараб’ёў стварыў аўтарскае скульптурнае ўвасабленне гэтага прадмета ў абагульненых формах, каб нішто не перашкаджала мастакам рэалізаваць свае аўтарскія фантазіі.

У выніку гэтыя жывапісныя арт-аб’екты стануць яго ўпрыгожваннем, турыстычнай славутасцю, будуць спрыяць папулярызацыі сучаснага мастацтва.