# play Выставачная зала Выставы Навіны

Выстава Калтыгіных “Расліна ў кераміцы”

З 9.06 па 27.06.2021 г. у выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва (вул. Болдзіна, 1, тэл. 76-86-30) будзе праходзіць мастацкая выстава Максіма і яго бацькі Валерыя Калтыгіных пад назвай “Расліна ў кераміцы”. Керамісты бацька і сын аб’ядналіся ў значным праекце “Чатыры чвэрці”, разлічанага па працягласці існавання на некалькі год. Ідэя гэтага праекта, яго канцэпцыя належыць Максіму.
Зараз дэманструецца першая частка гэтага праекта “Расліна ў кераміцы”. А ў будучым маюць адбыцца наступныя, у якіх пойдзе рэч пра жывёльны свет, пра чалавека, пра яго тэхнічныя і іншыя “дасягненні”, праз інтэрпрытацыю ў мастацкай кераміцы.
У сваёй керамічнай творчасці і жыццёвых стасунках абодва мастакі даволі розныя, у кожнага свой погляд і разуменне вобразна-кампазіцыйных і тэхналагічных рашэнняў у матэрыяле.
Максім з большага скульптурна-прасторавы, імкнецца ў тэндэнцыях форма-ўтваральнага характару да магчымасці ўспрымання сваіх прац як аб’ектаў садова-паркавых ландшафтаў, разлічаных на аб’ёмную цэльнасць успрымання.
Валерый у сваёй керамічнай пластыцы даволі камерны, схільны да яўнай дэкаратыўнасці. У яго расліны ў асноўным толькі частка вобразна-кампазіцыйных рашэнняў, пластычны дапаможнік у раскрыцці тэмы. Тады як Максім амаль заўсёды трансфармуе расліну як з’яву ў самастойны, самадастатковы творчы аб’ект.
Дадам, што яго працы ў гэтай тэме дэманструюцца магілёўскім жыхарам упершыню, а старэйшы Калтыгін падтрымлівае сына ў рэалізацыі праекта творамі рэтраспектыўнымі.
Галоўнае, што выстава канцэптуальна рэалістычная ў сваёй праяве.
Запрашаем спадарства яе паглядзець, абмеркаваць, прааналізаваць, зрабіць высновы… А наогул, што такое расліна па сутнасці, у прыстасаванасці сваёй жыццёвай?
Адкрыццё выставы адбудзецца 9 чэрвеня а 16-й гадзіне.