# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы. Шкляначкi для гарэлкі тыпу “шот”

👆З якога посуду пілі магілёўцы больш за 100 гадоў таму? Сёння аб гэтым крыху раскажуць “Музейныя таямніцы”.

📌У фондах нашага музея захоўваецца набор маленькіх шкляначак для гарэлкі тыпу “шот”. Такі маленькі аб’ём разлічаны адмыслова на адзін глыток моцнага напою.

Гэты прыгожыя шкляначкі з матавага шкла выраблены ў пачатку ХХ стагоддзя на шклозаводзе “Неман”, які сёлета адзначае 130-годдзе.
Завод быў заснаваны ў г. Бярозаўка Лідскага павету ў 1883 годзе мясцовым землеўладальнікам Зянонам Ленскім. Пазней Вільгельм Краеўскі і Юліус Столе, якія паходзілі з Багеміі, дасведчаныя тэхнолагі і арганізатары шкляной вытворчасці сталіся сперша арандатарамі, а потым і ўладальнікамі гутаў і праславілі на ўвесь свет “нёманскае шкло”.

Сперша завод вырабляў бутэлькі і аптэкарскі посуд, але ўжо з 1892 года вырабляе першы крышталь. У канцы 1930-х гадоў вытворчасць крышталя складзе ўжо каля 30%.

У 1930- я гады Huty Niemen – лідар шкляной галіны Польшчы і забяспечвае пятую частку экспарту польскай шкляной прамысловасці ў многія краіны: Нідэрланды, Францыю, Брытанію, Турцыю, ЗША, Канаду, Аргенціну, на Бліжні Усход і ў Французскія калоніі Афрыкі. У 1939 годзе маёмасць Huty Niemen нацыяналізавана, а ўладальнікі (яны ж нашчадкі заснавальнікаў) разам з сем’ямі і сваякамі кінутыя ў горан сістэмы савецкага ГУЛАГа. А вырабы з “нёманскага шкла” дагэтуль дораць радасць і цешаць зрок.

У 1993 годзе гэтыя шкляначкі – каштоўны падарунак з сямейных рэчаў, зрабіла музею Аза Мікалаеўна Жывапісцава, магілёўская падпольшчыца, сям’я якой была закатавана гестапа ў 1943 годзе.

Старшы навуковы супрацоўнік Наталля Прачакова.