# Ратуша Гісторыя Навіны Навука

Меч мсціслаўскага рыцара

15 студзеня 2020 г. у 17.00 у Музеі гісторыі Магілёва (вул. Ленінская, 1а – Ратуша) адбылася прэзентацыя новага набытка УК “Музей гісторыі Магілёва” – сярэдневяковага рыцарскага мяча, што належыў рыцару к. XV – пач. XVI стст., парэшткі і даспех якога былі знойдзены на дне р. Віхра ў Мсціслаўскім раёне ў 2013 г.

Дадзены меч быў прысвоены невысветленымі асобамі, што ажыццяўлялі незаконныя археалагічныя пошукі (“чорнымі капальнікамі”) у р. Віхра каля г. Мсціслава ў 2013 г., і вывезены за межы Рэспублікі Беларусь. На момант знаходкі ён уваходзіў у комплекс рыцарскага ўзбраення (кіраса, шлем, фрагменты кальчугі, шпоры і інш.), які цяпер знаходзіцца ў фондах Музея гісторыі Магілёва.

Пасля неаднаразовых перапродажаў за межамі Беларусі, у 2019 годзе меч быў выстаўлены на аўкцыёне ў адной з еўрапейскіх краін, выкуплены музееім і цяпер вернуты ў Беларусь.

Набыццё рыцарскага мяча стала магчымым у выніку сістэматычнай працы супрацоўнікаў УК “Музей гісторыі Магілёва”, дзякуючы дапамозе з боку прадстаўнікоў Міністэрстваў культуры, замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, грамадскіх актывістаў, за кошт фінансавання Магілёўскага гарадскога бюджэта і фінансавай дапамогі спонсараў.