Музейныя таямніцы. Слуцкі пояс.
Нядаўна экспазіцыя «Музея гісторыі Магілёва» папоўнілася ўнікальным экспанатам – арыгінальным слуцкім поясам.
Арганізатарам вытворчасці паясоў у Рэчы Паспалітай выступіў у XVIII стагоддзі нясвіжскі магнат Міхаіл Радзівіл, які запрасіў да сябе з Турцыі армянскага майстра Аванеса Маджаранца, які называўся пазней на польскі манер Янам Маджарскім. Напэўна, нямногія ведаюць, што на адзін выраб ішло да 200 г золата і каля 60 г срэбра (залатыя, пазалочаныя і сярэбраныя ніткі ўпляталіся ў шаўковую аснову), што, напрыклад, на слуцкай «персіярне» ў 1796 годзе на 24 станках было зроблена 200 паясоў коштам ад 50 да 75 дукатаў кожны – дарэчы, сума велізарная, роўная памеру гадавога афіцэрскага заробку або кошту 15 пародзістых коней.
Маджаранц некалькі перапрацаваў традыцыйны персідскі пояс, зрабіўшы яго ўжо, карацей, скараціўшы колькасць арнаментальных матываў. Паступова ўсходнія ўзоры на персідскіх паясах змяніліся дэкорам, характэрнымі для славянскай культуры. Слуцкія майстры сталі выкарыстоўваць для афармлення раслінны арнамент, заснаваны на травах, кветках і дрэвах мясцовага паходжання. На паясах сталі з’яўляцца рамонкі, васількі, дубовыя і кляновыя лісце. Слуцкія паясы з прадмета мужчынскага гардэроба ператварыліся ў сапраўдны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ткацтвам слуцкіх паясоў займаліся выключна мужчыны. Лічылася, што шаўковыя ніткі цьмянеюць ад дакранання жаночых рук. І ткалі іх не завазныя замежныя майстры, а жыхары Слуцка і навакольных паселішчаў. У 1796 годзе на 24 станках было зроблена каля 200 паясоў. З часам фабрыкі па вырабе аналагаў слуцкіх паясоў адкрыліся ў Нясвіжы, Слоніме, Шклове, Кракаве, Гданьску, Варшаве, Ліёне і іншых гарадах. Слуцкая мануфактура, каб падкрэсліць арыгінальнасць сваіх вырабаў, пачала ставіць на паясы метку аб тым, што яны зроблены ў Слуцку. Такая метка прысутнічае і на поясе, які выстаўлены ў экспазіцыі нашага музея.
Гэты элемент шляхецкага мужчынскага адзення ўяўляў сабой адрэзак тканіны даўжынёй да 4-х метраў і шырынёй 30-50 см. Па краях выраб апраўляла узорная аблямоўка, канцы былі ўпрыгожаны складаным раслінным арнаментам, а часам махрамі. Паясы маглі быць адна-, двух -, трох- і чатырохбаковымі. Пры гэтым усе бакі былі асабовымі. Чым больш бакоў, тым даражэйшым быў выраб.
Паясы апраналіся па-над кунтушамі – верхняй вопраткай. Яны выкарыстоўваліся як элемент упрыгожвання, а таксама мелі практычнае прызначэнне – падтрымлівалі кунтуш, фіксавалі халодную зброю.
Дазволіць сабе такую куплю маглі толькі заможныя шляхцічы, таму паясы былі сімвалам высокага статусу, багацця, прыналежнасці да вышэйшага саслоўя. У першай палове ХIХ стагоддзя частка слуцкіх паясоў была спалена, каб атрымаць каштоўныя металы ў чыстым выглядзе, частка перададзена ў касцёлы для пашыву арнатаў.
Лічыцца, што ўсяго захавалася не больш за 1000 слуцкіх паясоў, і таму валодаць імі лічаць за гонар калекцыянеры і музеі ўсяго свету.
Нешматлікія паясы работы слуцкай персіярні або вырабы, выкананыя па іх узорах іншымі еўрапейскімі цэнтрамі ткацтва XVIII стагоддзя, знаходзяцца ў сямі беларускіх музеях: Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (19 рознафарматных выразак), Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі (адзін цэлы пояс слуцкага тыпу), Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (адзін цэлы пояс слуцкага тыпу і адзін фрагмент), Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне (адзін цэлы пояс, пашыты з фрагментаў, і адзін фрагмент), Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАНБ (адзін слуцкі пояс, складзены з дзвюх частак, адзін цэлы пояс слуцкага тыпу, падораны Анджэем Цеханавецкім, чатыры арнаты з выкарыстаннем фрагментаў), Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (два цэлыя слуцкія паясы, адзін цэлы слуцкі амафор-пояс, чатыры паясы слуцкага тыпу, восем фрагментаў паясоў слуцкіх і слуцкага тыпу, адзін арнат, пашыты з выкарыстаннем фрагмента слуцкага пояса), Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (два фрагмента слуцкіх паясоў, тры арнаты з фрагментамі слуцкіх паясоў). Такім чынам, у музеях Беларусі захавалася 11 (лічба ўдакладняецца) цэлых паясоў, з іх 5 — зроблены непасрэдна ў Слуцку, пра што сведчаць лацінскія і кірылічныя надпісы, і шэсць — выкананых па іх узоры за мяжой і таму менш каштоўных. Музей гісторыі Магілёва з адным цэлым слуцкім поясам і адным арнатам, пашытым з выкарыстаннем фрагмента слуцкага пояса далучыўся да гэтага спісу.
Дырэктар музея С.І.Бяспанскі.