# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы. Мундзiрны гузік «Леў і Аднарог»

У “Музеі гісторыі Магілёва” экспануецца калекцыя гузікаў, непасрэдна звязаных з рознымі гістарычнымі перыядамі ў жыцці нашага горада. І ў гэтай калекцыі – вайсковы мундзiрны гузік «Леў і Аднарог», выяўлены непасрэдна ў горадзе Магілёве і, магчыма, звязаны з знаходжаннем тут Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Расійскай Імператарскай арміі ў перыяд Першай Сусветнай вайны.

Сваю назву гузік атрымаў па размешчаным на адным яго баку выпуклага малюнка ангельскага герба Віндзараў «Леў і Аднарог».

Гузікі выпускаліся ў Англіі ў перыяд з 1871 па 1924 год. У пачатку ХХ стагоддзя яны выкарыстоўваліся на мундзірах вайскоўцаў краін Антанты. У перыяд Грамадзянскай вайны ў Расіі падобныя мундзіры з гузікамі «Леў і Аднарог» пастаўляліся Беламу руху.

Да 1901 года на гузіках была Віктарыянская Карона, а пасля 1901 года – карона Эдуарда VII (круглявы верх). На гузіках, выпушчаных пасля 1901 года намаляваны герб у выглядзе шчыта, які з абодвух бакоў трымаюць Леў і Аднарог – сімвалы ўлады і працы. Шчыт падзелены на часткі, у якіх намаляваныя гербы Англіі, Шатландыі і Ірландыі.

Вакол шчыта і ў нагах Льва і Аднарога – стужкі з надпісамі на французскай мове «Ганьба таму, хто блага пра гэта падумае» і «Бог і маё права».

Гузік выпуклы, складаецца з двух злучаных паміж сабой частак, паміж імі – паражніна (лёгкі варыянт). Маецца рухомае вушка для мацавання на вопратцы. Выкананы з бронзы шляхам штампоўкі.