# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы. Кніга “Апостал” Спірыдона Собаля.

Добры дзень, дарагія сябры і прыхільнікі нашага музея! З вамі рубрыка “Музейныя таямніцы… або з гісторыі аднаго прадмета”.

Напярэдадні Новага года хочацца падзякаваць кожнаму, хто знаходзіць час кожны чацвер знаёміцца з нашымі «таямніцамі». Я спадзяюся, што гэты інфармацыйны праект чакае доўгая, цікавая і насычаная жыццё. І сёння мы пазнаёмім вас з яшчэ адным унікальным музейным прадметам.

5 гадоў таму фонды музея папоўніла ўнікальная кніга – “Апостал” Спірыдона Собаля. Не толькі для музея, але і для ўсяго горада, гэта знакавая падзея яшчэ і таму, што большасць старадрукаваных беларускіх выданняў знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, а пасля Вялікай Айчыннай вайны, практычна ў наш час, у Магілёве не было ніводнай кнігі Спірыдона Собаля. Магілёўскі “Апостал”, які датуецца 1632 годам, з’яўляецца шостым вядомым агульнадаступным выданнем у свеце. Дарэчы, два экзэмпляры “Апостала”, якія знаходзяцца ў музеях Мінска, надрукаваныя ў 1638 годзе.

У кнізе прысутнічаюць вадзяныя знакі, надпісы на палях. Адну з заставак, якія ўпрыгожваюць старонкі, па некаторых дадзеных Спірыдон Собаль купіў ва ўдавы першадрукара Івана Фёдарава. У свой час кніга прызначалася для святароў і была даволі распаўсюджанай, а цяпер на яе старонках ўтоена яшчэ мноства таямніц, якія чакаюць сваіх даследчыкаў.