Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Мясцовая газета “Саха і молат”
Добры дзень, дарагія сябры нашага музея! З вамі рубрыка “Музейныя таямніцы… або з гісторыі аднаго прадмета”.
Кастрычнік 1917 г. аказаў уплыў на жыццё Магілёва. Савецкая ўлада, усталяваная ў горадзе, запатрабавала стварэння новых сродкаў масавай інфармацыі, у якіх падзеі асвятляліся б з пункту гледжання бальшавікоў, прычым яны мусілі б улічваць мясцовыя асаблівасці.
Такім сродкам масавай інфармацыі стала мясцовая газета “Саха і молат”. Яна была заснавана павятова-гарадскім выканаўчым камітэтам, а пасаду рэдактара сумяшчаў з асноўнай пасадай старшыня гарадскога рэвалюцыйнага камітэта І.Геранімус. Рэдакцыя размяшчалася ў будынку Стаўкі. Газета выходзіла штодня, асноўная мова руская.
У асноўным матэрыялы друкаваліся на дзвюх палосах. Першая расказвала жыхарам горада аб міжнародных падзеях. З 1921 г. з’явіліся ілюстрацыі. Але найболей каштоўнай з’яўляецца другая паласа на якой публікаваліся мясцовыя матэрыялы, аб’явы і шматлікае іншае. Менавіта знаёмства з гэтымі матэрыяламі дазваляе зразумець, што адбывалася ў горадзе ў 1920-1922 гадах.
У фондах музея гісторыі Магілёва знаходзяцца асобныя нумары за жнівень 1920 года. Знаёмства з імі дазваляе даведацца, чым жыхары горада былі заняты ў той час. Мы прасякаемся іх клопатамі, спадзяваннямі і разумеем, што дзякуючы ім наш горад развіваўся эканамічна, палітычна, культурна і па многіх іншых напрамках.
Такім чынам, газеты з’яўляюцца паўнапраўнымі гістарычнымі крыніцамі, вывучэнне якіх дазваляе даведацца шмат новай і цікавай інфармацыі аб мінулым.
Старшы навуковы супрацоўнік Сухаркоў В.В.