# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Кніга з нотамi да оперы “Рагнеда”

Добры дзень, дарагія сябры! Як заўсёды, па чацвяргах з вамі рубрыка “Музейныя таямніцы… або з гісторыі аднаго прадмета”
У пачатку XX ст. горад Магілёў вельмі дынамічна развіваўся як у эканамічным, так і культурным плане. Жыхары добра былі знаёмыя з культурным жыццём губерні, у прыватнасці з тэатральным мастацтвам. На тэатральнай сцэне ставіліся розныя творы, якія знаёмілі гараджан з гісторыяй. Мясцовыя жыхары таксама збіралі бібліятэкі, у якіх былі і музычныя творы. З адным з такіх экспанатаў я і хачу вас пазнаёміць.
У калекцыі музея знаходзіцца цікавая кніга. Яна не зусім звычайная. Тут прадстаўлены ноты да оперы “Рагнеда”. Кніга выдадзена ў Маскве ў 1877-1880 гг. аўтар оперы для фартэпіяна А. Н. Сяроў. Выдадзены твор у друкарні П. Юргенсона. Колькасць лістоў 24, 48 старонак.
Асоба Рагнеды для нашай гісторыі вельмі важная. Дачка полацкага князя Рагвалода, жонка вялікага князя Уладзіміра Святаславіча, маці князя Ізяслава Уладзіміравіча. У 980 годзе ноўгарадскі князь Уладзімір сілай захапіў Полацк. Потым таксама прымусіў Рагнеду стаць яго жонкай. Яна ніколі не забывала падзеі таго года і з пачуцця помсты здзейсніла няўдалы замах на Уладзіміра. Малалетні сын Ізяслаў з мячом у руцэ спрабаваў абараніць маці. Уражаны гэтай сцэнай Уладзімір пашкадаваў Рагнеду і адправіў у заснаваны для яе горад Ізяслаўль (Заслаўль). Затым пасля адмовы выйсці замуж другі раз яна пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Ад яе сына Ізяслава, які адрозніваўся вялікай любоўю да чытання кніг і міралюбнасці, адбыліся прадстаўнікі княжацкай дынастыі, якую называлі Ізяславічамі або Рагвалодавымі ўнукамі. У далейшым яны праславяць не толькі Полацкае княства, але ўсе землі, на якіх размешчана сучасная Рэспубліка Беларусь.
Старшы навуковы супрацоўнік Сухаркоў В. В.