# play # Ратуша Навіны

Прэзентацыя кнігі “Верхний замок Витебска IХ – ХVIII вв”

19 красавіка 2022 года ў Музеі гісторыі Магілёва адбылася прэзентацыя кнігі “Верхний замок Витебска IХ – ХVIII вв” беларускага археолага, кандыдата гістарычных навук ( з 1991), дацэнта (з 1995) Калядзінскага Леаніда Уладзіміравіча.

Леанід Уладзіміравіч – легенда беларускай археалогіі, адзін з аўтарытэтнейшых даследчыкаў беларускага сярэднявечча. Ён праводзіў археалагічныя раскопкі ў г. Віцебску, г. Слуцку і г. Капылі Мінскай вобл., на тэрыторыі Любчанскага замка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. У ваколіцах г. Слуцка вывучаў курганны могільнік ХІІ–ХІІІ стст. каля в. Васілінкі, курганы каля в. Садкі Капыльскага р-на Мінскай вобл. Даследаваў курганны могільнік ХІІ–ХІІІ стст. у мікрараёне Сухарава г. Мінска. Прымаў удзел у раскопках гг. Брэста, Мінска, Нясвіжа, а таксама Тайманава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл., селішча каля в. Снядзін Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл., гарадзішча Барсукі Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., паселішча Наднёманне Уздзенскага р-на, могільніка ў Курапатах Мінскага р-на Мінскай вобл., гарадзішча і селішча каля в. Беразавец Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Прымаў удзел у абследаванні помнікаў археалогіі шэрагу раёнаў Гродзенскай і Гомельскай абласцей. Самастойна абследаваў Чавускі р-н Магілёўскай вобл., Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл., Віцебскі р-н Віцебскай вобл. і Уздзенскі р-н Мінскай вобл.

Шаноўны даследчык надзвычай грунтоўна вывучыў матэрыяльную культуру Верхняга замка г. Віцебска на шырокім храналагічным дыяпазоне (Х–XVII стст.), вылучыўшы 4 этапы ў яе станаўленні. Выказаў думку, што аналагічны працэс уласцівы абсалютнай большасці старадаўніх гарадоў Беларусі. Вывучыў матэрыяльную культуру дзяцінца летапісных Случаска і Капыля. Даказаў, што ўзнікненне апошняга адносіцца на 2–3 ст. раней за яго першы летапісны ўспамін, г. зн. да Х – пач. ХІ стст. Вызначыў і ўвёў у навуковы зварот паняцці «Музеефікацыя археалагічных аб’ектаў», «Гістарычная зона горада», «Віталітыўная культура». Стварыў археалагічны музей у г. Віцебску, які  функцыянаваў у 1982–1989 гг. Аўтар звыш 400 навуковых і навукова-папулярных публікацый, у тым ліку кнігі, прэзентацыя якой адбылася ў Музеі гісторыі Магілёва.

У прэзентацыі і абмеркаванні кнігі ўзялі актыўны удзел: Дук Д. Ул, рэктар МДУ імя Аркадзя Куляшова, доктар гістарычных навук прафесар; Марзалюк І. А., старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук прафесар; Бяспанскі С. І., дырэктар Музея гісторыі Магілёва; Аўласовіч А. М., кандыдат гістарычных навук, дацэнт МДУ імя Аркадзя Куляшова; Шуткова Н. П., кандыдат гістарычных навук, дацэнт МДУ імя Аркадзя Куляшова; навуковыя супрацоўнікі Музея гісторыі Магілёва, выкладчыкі і студэнты МДУ імя Аркадзя Куляшова.

Сустрэча прайшла надзвычай эмацыйна і цікава. Аўтар манаграфіі падзяліўся сваімі творчымі здабыткамі, пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы са сваімі навуковымі вынікамі адлюстраванымі ў змесце кнігі і падзяліўся творчымі планамі на будучае.