# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы альбо з гісторыі аднаго прадмета. Крыж з лыжкі.

Мы працягваем адкрываць нашым чытачам музейныя таямніцы.

У фондах нашага музея захоўваецца ўнікальны наперсны крыж, які быў зроблены з лыжкі зняволенымі ў ГУЛАГу для святара Міхаіла Кузменка (1915-1986), каб адпраўляць набажэнствы ў лагерных умовах.

А. Міхаіл быў асуджаны ў 1951 годзе за “контррэвалюцыйную дзейнасць і прапаганду” на 10 гадоў зняволення. У ГУЛАГу, у шахтах і на іншых працах у Інце правёў больш за 5 гадоў. Пасля вызвалення служыў у розных храмах Беларусі. У Магілёўскай Барыса-Глебскай царкве служыў з 1958 па 1971 гады, дзе напісаў дысертацыю на ступень кандыдата багаслоў’я “Магілёўская епархія ад яе заснавання да 1918 года”. Між іншым, быў добра знаёмы з магілёўскім краязнаўцам Геранімам Філіповічам. Апошнія гады жыцця служыў у Полацкай Свята-Ефрасіньеўскай царкве.

Айцец Міхаіл сябраваў з многімі дзеячамі культуры Беларусі – Рыгорам Шырмай, Віктарам Роўдай, Генадзем Цітовічам, Максімам Танкам.

Гэтую рэліквію – крыж з лагероў айцец Міхаіл захоўваў усё жыццё. А перадаў яе музею яго сын – кандыдат тэхнічных навук, дацэнт БРУ Ігар Міхайлавіч Кузьменка.

Старшы навуковы супрацоўнік Наталля Прачакова.