Навіны

Падзея году – выстава «Невядомы Магілёў 1918»

Ініцыятыва «Грамадскі магістрат» падвяла вынікі галасавання за Асобу і Падзею 2018 года ў Магілёве. Традыцыйна прэмія ладзіцца каля 28 студзеня – дня надання Магілёву Магдэбургскага права (права на самакіраванне). Гэтая прэмія – спроба вярнуць жыхарам гораду магчымасць самастойна вырашаць свае справы і народным галасаваннем уплываць на падзеі ў горадзе.

Спачатку сацыёлагі вылучылі 8 асобаў і 8 падзеяў, якія летась выклікалі найбольшы рэзананс у медыях і ў грамадскім жыцці гораду. А пасля адбылося анлайн-галасаванне на сайце «Грамадскага магістрату» і афіцыйнае падвядзенне вынікаў прэміі.

Самы першы этап – гэта кантэнт-аналіз, які праводзяць дасведчаныя сацыёлагі

Прэмія Асоба і Падзея года ў Магілёве ўручаецца ўжо сёмы год запар

Падзея году – выстава

Падзеяй году, па версіі грамадства, стала выстава «Невядомы Магілёў 1918», праведзеная Музеем гісторыі гораду. Узнагароду атрымаў дырэктар музею Аляксей Бацюкоў.

Але не толькі ён спрычыніўся да выставы, а таксама ўсе супрацоўнікі музею, сябры, якія рыхтавалі экскурсіі па выставе і, канешне ж, магілёвец Алег Давід Лісоўскі, які падзяліўся сваёй калекцыяй фотаздымкаў для правядзення гэтай выставы.

Алег Давід Лісоўскі цяпер жыве ў Баварыі і за асабістыя грошы набывае старыя фотаздымкі Магілёва на інтэрнэт-аўкцыёнах. Са сваймі суайчыннікамі калекцыянер дзеліцца здабыткамі праз выставы, а таксама праз свой інтэрнэт-архіў. У ягонай калекцыі – каля 800 здымкаў, па якіх можна вывучаць гісторыю і архітэктуру гораду.

Магілёў 1918 г. на старонках польскай газеты, з архіву Алега Давіда Лісоўскага

Выстава «Невядомы Магілёў 1918» паказала, чым жыў і як выглядаў Магілёў сто гадоў таму. Аснову экспазіцыі склалі чорна-белыя фотаздымкі, зробленыя нямецкімі салдатамі ў акупаваным Магілёве ў 1918 годзе.

Алег Давід Лісоўскі на правах Асобы 2017 году праз скайп агучыў імя Асобы 2018 году.

Белсат