# play # Ратуша Выставы Навіны

Наш Дзень горада: DJ-сэт, выстава пад адкрытым небам і бясплатныя экскурсіі

Выстава пад адкрытым небам

26 чэрвеня 2020 г. на пляцоўцы насупраць Дыягнастычнага цэнтра ў г. Магілёве пачне працаваць выставачны праект пад адкрытым небам “Мастак і горад”. Ініцыятарам і спонсарам гэтага праекта выступае банк “ВТБ” (Беларусь), які ўжо некалькі гадоў рэалізуе вулічныя выставы пад назвай “Мастак і горад” у розных гарадах Беларусі. У Магілёве партнёрам банка “ВТБ” у арганізацыі выставы пад адкрытым небам выступіў Музей гісторыі Магілёва. З фондаў музея былі выбраны 24 работы мастакоў, што адлюстравалі на сваіх палотнах разнастайныя віды Магілёва. Палітра работ аказалася надзвычай шырокая – гэта творы ўдзельнікаў арт-праекта “Магілёў вачыма гасцей”, што тройчы ўжо прайшоў у нашым горадзе, гэта работы з відамі гістарычнага і сучаснага Магілёва, гэта працы сучасныя і творы 1980-х, 1990-х гадоў. Сярод аўтараў можна выдзеліць прадстаўнікоў замежжа, якія бралі ўдзел у арт-праектах “Магілёў вачыма гасцей” – Юлія Жукава, Алена Шапавалава (Расія), Ванг Байфу (Кітай), беларускіх удзельнікаў арт-праекта – Віталь Гуназа (Мінск) Яўген Шчатко, Раман Коршунаў, Аляксандр Сувораў (Магілёў), вядомых магілёўскіх аўтараў – Фёдар Кісялёў, Ігар Бяспалаў, Аксана Еўдакіменка, Ганна і Галіна Конанавы, Васіль Камароў, Марына Несцярук, Барыс Первунінскіх, Вера Юркова і інш.

Адметнасцю Выставачнага праекта пад адкрытым небам “Мастак і горад” у Магілёве стануць незвычайныя выставачныя канструкцыі, якія адмыслова ствараюцца для гэтай выставачнай экспазіцыі. Канструкцыі будуць уяўляць сабой выставачныя модулі, створаныя з OSB-панэлей, на якія будуць замацаваныя рэпрадукцыі карцін, нанесеныя на шкло.

Экскурсіі па горадзе

У Дзень нараджэння горада 28 чэрвеня, магілёўцам і гасцям нашага горада супрацоўнікі УК «Музей гісторыі Магілёва» прапануюць арыгінальныя пешаходныя экскурсійныя маршруты:
15-00 – экскурсавод чакае ўсіх жадаючых каля Ратушы, затым пройдзе экскурсія па гістарычным цэнтры: па адной з самых галоўных плошчаў горад – плошчы Славы, тэрыторыі Магілёўскага замка, вуліцы Першамайскай да Тэатральнай плошчы і па вале Каніскага – назад да Ратушы(вядзе экскурсію Ірына Трафімава).
16-00 – сустрэча з экскурсаводам каля Ратушы, экскурсія па вуліцы Ленінскай да Тэатральнага сквера і наведванне Касцёла Святога Станіслава са старажытнымі фрэскамі (вядзе экскурсію Наталля Прачакова).
17-00 – ад Ратушы экскурсавод запросіць усіх жадаючых палюбавацца архітэктурнымі ансамблямі на найбуйнейшай славутасці нашага горада – вуліцы Ленінскай (вядзе экскурсію Віталь Сухаркоў).

УВАГА: Экскурсіі бясплатныя

DJ-сэт

Напярэдадні дня горада Магілёва, Dj Prozhenik запісаў лайв-сэт на Магілёўскай ратушы. Відэа запісана да дня горада Магілёва і будзе даступна для прагляду 28 чэрвеня на ютуб канале PROZHENIK, а таксама ў інстаграме @kostya_prozhenik