# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямнiцы. Зліў сасуда XVII стагоддзя ў выглядзе галавы барана.

Дарагія сябры, як заўжды  з вамі праект “Музейныя таямніцы ….або з гісторыі аднаго прадмета”!

У  археалагічнай калекцыі Музея гісторыі Магілёва захоўваецца цікавая рэч –  зліў сасуда XVII стагоддзя ў выглядзе галавы барана. Сасуды зааморфнай формы часта служылі ў  якасці так званых акваманілаў. Менавіта так у той час называлі рукамыйнікі. Але гэта былі не проста звычайныя рукамыйнікі. Іх выкарыстоўвалі пры абмыванні рук падчас  пэўных сакральных дзеянняў, царкоўных рытуалаў. У Заходняй Еўропе такія рэчы рабіліся як з каляровага металу, гэтак і з гліны. Але наш посуд, улічваючы яго памеры,  мог належыць да сасудаў, якія выкарыстоўваліся як важны атрыбут пэўнага ўрачыстага застолля. Падобныя рэчы вядомыя ў Германіі, выкарыстоўваліся яны і ў традыцыйнай беларускай кераміцы XIX стагоддзя. Па этнаграфічных назіраннях у Беларусі яшчэ ў другой палове XX стагоддзя на калядны і велікодны стол ставілі фігуру барана, зробленага з цеста альбо тварагу. Гліняны ж посуд у выглядзе барана прызначаўся для віна. У хрысціянскай традыцыі, як вядома, вобраз барана альбо авечкі сімвалізуе Агнца Божага альбо Хрыста, прынесенага ў ахвяру для выкуплення грахоў чалавечых. У такім выпадку выраблены баран з цеста баран – сімвал плоці Хрыста, а віно ў гліняным сасудзе, выкананае ў выглядзе той жа жывёлы, сімвалізавала кроў Збавіцеля Чалавецтва.

Вось такую таямніцу аб звычаях і святочных абрадах нашых продкаў магілёўцаў распавёў нам керамічны сасуд XVII стагоддзя.

Вядучы навуковы супрацоўнік Марзалюк А.В.