# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы: «Горад якога няма. Гісторыя ў паштоўках. Працяг.»

Музейныя таямніцы…ці з гісторыі аднаго прадмета. «Горад якога няма. Гісторыя ў паштоўках. Працяг.»

Добры дзень, дарагія сябры нашага музея! Прадстаўляем вашай увазе яшчэ адну паштоўку з фондаў нашага музея. На ёй, як вы бачыце, намалявана вуліца Малая Садовая, у наш час Піянерская. Менавіта там 6 снежня 1846 года па ініцыятыве княгіні С.П.Галіцынай, якая складалася ў Ведамстве ўстаноў імператрыцы Марыі, быў адкрыты дзіцячы прытулак. У 1870 годзе ён атрымаў назву “Мікалаеўскі” ў гонар памерлага цэсарэвіча Мікалая Аляксандравіча.

Прытулак быў разлічаны на 50 месцаў і прымаў на апеку дзяўчынак усіх саслоўяў хрысціянскага веравызнання. У ім была арганізавана вучоба ў адпаведнасці з праграмамі пачатковых навучальных устаноў. Акрамя таго, выхаванкі навучаліся рукадзеллю. Прытулак маглі наведваць і прыходныя вучаніцы (не больш за 15 чалавек) на бясплатнай аснове. Найбольш здольныя дзяўчынкі затым працягвалі навучанне ў гімназіі за кошт сродкаў Губернскага папячыцельства. У 1912 г. пры прытулку было адчынена аддзяленне для малалетніх.

Пасля 1917 г. прытулак быў перададзены ў распараджэнне органаў Народнага камісарыята сацыяльнага забеспячэння. А сам будынак мы сёння можам убачыць толькі на паштоўцы. Магілёў, якога няма…

Галоўны захавальнік фондаў С.П. Атрошчанка