Музейныя таямніцы. Дадатак “Современная жизнь” да часопіса “Природа и люди”.
Рубрыка «Музейныя таямніцы ці з гісторыі аднаго прадмета» вітае ўсіх.
Развіццё Расійскай імперыі і яе губерняў у першай палове XIX пачатку XX ст. было звязана са з’яўленнем новых тэндэнцый у літаратурным і грамадска-палітычным жыцці. Хуткімі тэмпамі развіваюцца сродкі масавай інфармацыі. З’яўляецца вялікая колькасць часопісаў рознай тэматыкі. І сярод іх ёсць тыя, якія выдзяляюцца высокім узроўнем прафесіяналізму, якасцю інфармацыі і дазваляюць быць у курсе апошніх навуковых дасягненняў.
Адным з такіх стаў часопіс “Природа и люди”. Ён выдаваўся з лістапада 1889 года па красавік 1918 года выдавецтвам П.П. Сойкіна ў Санкт-Пецярбургу. З 1906 года ён атрымлівае падзагаловак: “Иллюстрированный журнал науки, искусства и литературы”. Усяго за 28 год існавання было выдадзена 1470 нумароў. На старонках часопіса можна было пазнаёміцца з найноўшымі дасягненнямі навукі, даведацца пра гісторыю, прачытаць літаратурныя творы і многае іншае. Неабходна таксама адзначыць, што пры часопісе выдаваліся дадаткі, што выходзілі асобнымі нумарамі.
З адным з такіх дадаткаў хацелася б пазнаёміць чытачоў. Завецца яно “Современная жизнь”. Выдавалася ў рэдакцыі асноўнага часопіса. Распаўсюджвалася па падпісцы і не толькі. Рэдактарам быў Ф.С. Груздзеў. У калекцыі музея ёсць нумар за 13 лістапада 1903 г. У рубрыках можна было азнаёміцца з падзеямі мінулага тыдня, даведацца пра навіны дня і шмат іншай цікавай інфармацыі. Асобная рубрыка звалася “В час досуга”. Часопіс змяшчае вялікую колькасць чорна-белых ілюстрацый. Памеры гэтага нумара 22,8 см. на 30,2 см.
Такім чынам вывучаючы тое, што чыталі жыхары нашага горада на пачатку мінулага стагоддзя, мы можам зразумець якія пытанні цікавілі людзей.
Старшы навуковы супрацоўнік Віталь Сухаркоў