Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Адзінай памяці верныя”
27-28 сакавіка 2024 года ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праходзіла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Адзінай памяці верныя”, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У канферэнцыі ўдзельнічалі вядучыя гісторыкі Беларусі, Расіі і іншых краін СНД. Сярод слухачоў – студэнты гістарычных факультэтаў БДУ і БДПУ, музейныя работнікі.
На Міжнароднай канферэнцыі “Адзінай памяці верныя” яе ўдзельнікі асвятлілі сучасныя падыходы да вывучэння тэмы «Вызваленне Беларусі»: пытанні гістарыяграфіі і крыніцазнаўства, баявыя дзеянні падчас вызвалення Беларусі (верасень 1943 – ліпень 1944), ход Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён» і поўнае вызваленне Беларусі 23 чэрвеня – 28 ліпеня 1944-га, выкарыстанне новых узораў узбраення і тэхнікі падчас вызвалення Беларусі.
У выступленнях удзельнікаў асвятляўся ўклад брацкіх народаў Савецкага Саюза і ўклад партызан у вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, працоўныя подзвігі беларусаў у савецкім тыле, аднаўленне Беларусі ў пасляваенныя гады, увекавечанне памяці пра герояў вызвалення Беларусі ў мастацтве і літаратуры.
Асаблівую ўвагу надалі тэме “Вызваленне Беларусі” ў музейных экспазіцыях, якая з’яўляецца асновай патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі.
З дакладам “Вызваленне Магілёва – геройскі аспект” на канферэнцыі выступіў дырэктар УК “Музей гісторыі Магілёва” С.І. Бяспанскі.