Вераснёўскі фэст. Палац у Жылічах.
Ёсць дзівоснае па хараству і прыгажосці месца на Магілёўшчыне – палац Булгакаў у Жылічах, у Кіраўскім раёне. 23 верасня 2023 года, тут упершыню адбылася рэгіянальная культурніцкая акцыя – “Вераснёўскі фэст. Палац ў Жылічах.” Музей гісторыі Магілёва быў прадстаўлены інтэрактыўнай пляцоўкай – “Магдэбургскі Магілёў”. Гасцей свята вітаў магілёўскі войт і яго жонка – музейныя супрацоўнікі былі апрануты ў касцюмы XVII стагоддзя. Цікаўныя гледзячы маглі пабачыць панараму старасвецкага Магілёва, макеты замка і ратушы, партрэты вялікіх магілёўскіх асветнікаў – заснавальніка гарадскога летапісання Трафіма Сурты і магілёўскага першадрукара Спірыдона Собаля. Акрамя таго, на выставе была прадстаўлена актавая кніга магістарата і Статут ВКЛ 1588 года.
У інтэрактыўнай зоне можна было пераўвасобіцца ў рыцара ці гараджаніна, сфатаграфавацца і атрымаць на памяць магніт з выявай Ратушы і буклет музея.