# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы. «Ружаны» Віктара Альшэўскага

Дарагія сябры, з вамі праект «Музейныя таямніцы… ці з гісторыі аднаго прадмета»!

У рамках Года міру і стварэння ў выставачнай зале УК «Музей гісторыі Магілёва» з 01.06. па 30.07.2023 года праходзіць юбілейная выстава твораў беларускіх мастакоў і скульптараў з фондаў Беларускага саюза мастакоў.

У калекцыю музея ў 2014 годзе быў перададзены твор «Ружаны» Віктара Альшэўскага. Віктар Уладзіміравіч – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, удастоены медаля Францыска Скарыны, акадэмік жывапісу, прафесар, адзін з кіраўнікоў Цэнтра сучаснага мастацтва, нарадзіўся ў вёсцы Угольшчына Магілёўскай вобласці. Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, выкарыстоўвае ў сваёй творчасці сімволіку.

Тэматыка твораў мастака блізкая да антычнай міфалогіі, хрысціянству, палітычным і жыццёвым рэаліям сённяшняга дня. Віктар Альшэўскі лічыць, што сапраўдны мастак павінен пастаянна ставіць перад сабой новыя задачы і іх рашэнне заўсёды будзе падштурхоўваць наперад. Для майстра мастацтва-гэта не вынаходніцтва кола, гэта адкрыццё мінулага, зразумелага для новага пакалення, з пазітыўнай энергетыкай.

Творы Віктара Альшэўскага – гэта творчы рэбус, разгадаўшы які, вы абавязкова духоўна ўзбагаціць і настроіцеся на новыя адкрыцці. Работы мастака знаходзяцца ў галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, Італіі, Германіі, Ізраілі, Польшчы, Швецыі, Швейцарыі, ЗША, Францыі, Турцыі і іншых краінах.