# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы. Герб горада на гузіку.

Добры дзень, дарагія сябры нашага музея! З вамі як заўсёды па чацвяргах “Музейныя таямніцы… ці з гісторыі аднаго прадмета”.
Сёння мы пазнаёмім вас з дастаткова цікавым экспанатам – гербам горада на гузіку.

На пазалочаным мундзірным гузіку, які экспануецца ў адным з вітрын экспазіцыі музея, наведвальнікі могуць убачыць трэці з гербаў г. Магілёва – герб 1781 года.

Згодна з правам на самакіраванне Магілёў атрымаў і герб. Усяго за сваю гісторыю горад меў 3 гербы. Па прывілеі ад 28 студзеня 1577 года караля Польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя Магілёву быў нададзены першы герб – «у блакітным полі вежа каменная высока выведзеная».

Другі герб Магілёў атрымаў па грамаце Яна Казіміра 9 чэрвеня 1661 года – «у блакітным полі тры сярэбраныя вежы, у адчыненых брамах сярэдняй – рыцар, узброены мячом, зверху над варотамі, на круглым чырвоным шчыце – ўзброены вершнік з мячом і шытам» Гэты варыянт герба стаў сёння сапраўдным гарадскім сімвалам.

Пасля далучэння ў 1772 годзе ўсходняй часткі тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі выява вершніка ў магілёўскім гербе была заменена двухгаловым арлом. Але ў такім выглядзе герб праіснаваў параўнальна нядоўга. 16 жніўня 1781 года быў «найвышэйша зацверджаны» новы магілёўскі герб – «у верхняй частцы шчыта палова Расійскага герба, у знак таго, што гэтае Намесніцтва далучана да Імперыі Расійскай. У ніжняй – стары герб: вершнік на кані ў чырвоным полі».