# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы. Курыцельная люлька.

Дарагія сябры, з вамі праект “Музейныя таямніцы ….або з гісторыі аднаго прадмета”!

Паленне тытуню ў Еўропе пачалося толькі ў XVI ст. Найбольш зацятымі курцамі, якія пачалі масава ўжываць тытунь, былі брытанцы. У Беларусі гэты звычай распаўсюдзіўся з пачатку XVII ст.  і неўзабаве курыцельная люлька стала неад’емным атрыбутам культурнага слоя кожнага беларускага горада. Усе люлькі XVII – XVIII стст. звычайна дзеляцца на галандскія (выраблены з белай гліны з суцэльным маналітным гліняным мунштуком) і турэцкія (белагліняныя, шэрагліняныя і чырвонагліняныя з кароткай утулкай для драўлянага мунштука). Да значнай часткі вырабаў пасуе азначэнне так званыя турэцкія, бо яны выраблялася магілёўскімі ганчарамі на месцы, паводле імпартаваных модных узораў. Аб гэтым сведчаць і знойдзеныя ў ходзе раскопак двухбаковыя гліняныя формы для вырабу такіх люлек.

Аб адной з унікальных люлек так званага турэцкага тыпу XVII ст., якая знаходзіцца ў калекцыі курыцельных люлек Музея гісторыі Магілёва, наш сённяшні аповед. Люлька зроблена ў выглядзе бота з рыфлёнай халявай і выразна акрэсленым абцасам. Насок бота выкананы ў выглядзе драпежнага шчупака. Пазначаны вочы і зубы драпежнай рыбы. Люлька абпалена ў ганчарным горне без доступу кіслароду. Такая кераміка называецца моранай і мае аднастайны цёмны колер. Чаму наша люлька ўнікальная? Ды таму, што сёння больш такіх вырабаў у Беларусі не знойдзена нідзе. Гэта быў індывідуальны заказ майстру, люлька не мае аналагаў у іншых музейных калекцыях нашай краіны. Прыязджайце, паглядзіце на гэту дзівосную рэч дробнай пластыкі, якая з’яўляецца не толькі побытавай рэччу, але і цудоўным творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва магдэбургскага Магілёва!

Вядучы навуковы супрацоўнік Марзалюк А.В.