# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Лунніцы.

Дарагія сябры, як заўжды па чацвяргах з вамі праект “Музейныя таямніцы… або з гісторыі аднаго прадмета!”

Лунніцы – старажытныя славянскія жаночыя ўпрыгожванні. Яны звязаны з культам плоднасці і ўрадлівасці. З культам начнога, “жаночага” сонца, гэта значыць з культам Месяца. Вытокі гэтага культа славяне запазычылі ў III – V стагоддзях у старажытных рымлянаў, для якіх было характэрна пакланенне жаночай багіне –  Селене, а яе сімвалам як раз і была выява Паўмесяца.

Максімальнае выкарыстанне лунніц ва ўсходніх славян прыпадае на X – XI стагоддзе.  Гэтым часам датуюцца і знаходкі, якія экспануюцца ў Музеі гісторыі Магілёва. У залежнасці ад заможнасці гаспадыні лунніцы вырабляліся з бронзы, срэбра, маглі быць пазалочаны. Найбольшая колькасць знаходак выканана з бронзы. Лічылася, што такія ўпрыгожванні забяспечваюць жаночае шчасце, спрыяюць лёгкім родам, дзетанараджэнню, засцярагаюць здароўе маці і дзіцяці. Распаўсюджванне хрысціянства не прывяло да знікнення гэтых вырабаў. Па цэнтру лунніцы пачынаюць змяшчаць выяву крыжыка. Больш таго, выява Паўмесяца ва ўсім хрысціянскім свеце лічыцца сімвалам Багародзіцы, як раней лічылася сімвалам багіні Селены. Гэта традыцыя захоўваецца і да гэтуль. На абразах, у тым ліку і знакамітым абразе Маці Божай Вострабрамскай прысутнічае выява Паўмесяца.

Вядучы навуковы супрацоўнік, Марзалюк А.В.