# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Кафля.

Дарагія сябры, як заўжды па чацвяргах з вамі праект “Музейныя таямніцы ….або з гісторыі аднаго прадмета”!

Кафля… Цагляная плітка-аздабленне печкі. Яна выконвала роль своеасаблівага “каларыфера” – павялічвала аддачу цеплыні натопленай печкі. Але продкам гэтага было мала. Вонкавая пласціна кафлін у XVI – XVII стагоддзях аздаблялася разнастайнымі сюжэтамі, пакрывалася палівай. На кафлі наносіліся выявы гербаў, разнастайных сімвалаў і сюжэтаў. Самая танная кафля была тэракотавай – абпалены выраб не пакрываўся палівай. Больш дарагія вырабы пакрываліся аднаколернай палівай. Як правіла ў  XVI – XVII стагоддзях выкарыстоўвалі «мураўлёную» – зялёную паліву. Эліта магла дазволіць сабе шыкоўныя вырабы аздобленыя паліхромнымі палівамі. Гэта была самая складаная тэхналогія. І самая дарагая.

Гаспадар, меўшы шляхецтва, змяшчаў выявы радавога герба на вонкавай паверхні печкі. Такая кафля рабілася на індывідуальны заказ і каштавала найдаражэй. Менавіта такі выраб быў знойдзены археолагамі пры раскопках у гістарычным цэнтры Магілёва, у прылеглым да ратушы квартале Старога горада. Захаваўся толькі фрагмент такой кафлінкі. Гэта паліхромны, маёлікавы выраб. Ацалела выява ільва-шчытатрымальніка герба і фрагмент даты – «166…». Знаходка гэтая дазваляе нам упэўнена сцвярджаць, што ў 60-х гадах XVII стагоддзя тут была пабудавана шыкоўная мураваная шляхецкая камяніца аздобленая дзівоснай паліхромнай кафляй. Кафляй, выкананай рукамі нашых, магілёўскіх майстроў…

Вядучы навуковы супрацоўнік, Марзалюк А.В.