# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Накладка з выявай евангеліста Іаана XVII cтагоддзя.

Дарагія сябры, як заўжды па чацвяргах з вамі праект “Музейныя таямніцы… або з гісторыі аднаго прадмета”.
Адной з каштоўных знаходак магілёўскіх археолагаў з’яўляецца срэбраная, пазалочаная звонку, накладка з выявай евангеліста Іаана XVII cтагоддзя. Рэч выканана ў стылі барока. Яна калісці аздабляла вокладку напрастольнага Евангелля. Іаан адлюстравана разам з уласным сімвалам – арлом. Арол сімвалізуе сабой юнацтва і сілу. Дарэчы, евангеліст Іаан быў самым маладым па ўзросту сярод евангелістаў. Арол таксама сімвалізаваў недасягальную вышыню слова Божага, евангельскага вучэння і таямніц веры.
Выявы чатырох евангелістаў з іх сімваламі у храме звычайна змяшчаюцца па чатырох баках на так званых “ветразях”, якія падтрымліваюць купал. Унутры купала адлюстроўваюць вобраз Ісуса Хрыста. Так і на напрастольным Евангеллі – кожны з кутоў яго вокладкі аздабляўся выявамі евангелістаў, а ў цэнтры змяшчаўся Хрыстос Пантакратар (Усётрымальнік). У культурным слоі магдэбургскага Магілёва ацалела і дайшла да нас толькі адна з чатырох накладак. Наўрад ці ацалела сама кніга, пра яе лёс, як і пра лёс іншых аздобаў вокладкі, мы можам толькі гадаць Але адно можам сказаць пэўна – гэта быў шыкоўны твор нашага старабеларускага мастацтва і пісьменнасці. Нашай, спрадвечнай, магілёўскай.
Вядучы навуковы супрацоўнік Марзалюк А.В.