# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Дзяржальня бронзавага кінжала

Добры дзень, дарагія сябры! З вамі рубрыка “Музейныя таямніцы … або з гісторыі аднаго прадмета”.
З лістапада 2017 года ў пастаянна дзеючай экспазіцыі Музея гісторыі Магілёва знаходзіцца дзяржальня бронзавага кінжала, знойдзеная ў Круглянскім раёне падчас палявых работ. У музей перадаў яе чалавек, які пажадаў застацца невядомым.
Дзяржальня бронзавага кінжала мілаградскай культуры зробленая пад памер рукі яго гаспадара. Ўпрыгожана яна двухбаковым узорам у выглядзе выпуклых патройных нахільных рысачак, падзеленых паміж сабой выпуклымі прамымі лініямі. Тарэц дзяржальні расклепан. Маецца праточка каля тарца і скразная адтуліна для мацавання кінжала на шнурку. Унізе пад дзяржальняй у пачатку ляза з двух бакоў захаваліся фрагменты рэбраў калянасці.
Дзяржальня выканана з бронзы, з дапамогай ліцця, кавання, шліфоўкі і свідравання. Датуецца VII-V ст. ст. да н.э. даўжыня фрагмента складае 10,7 см. лязо згублена.