# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Кніга “Дзіцячае чытанне для сэрца і розуму”

У гэты чацьвер мы прадстаўляем нашым чытачам цікавае выданне часоў Кацярыны ІІ, што захоўваецца ў фондах нашага музея.

Гэта кніга 1788 года выдання невялікага зручнага памеру ў трывалай скураной вокладцы “Дзіцячае чытанне для сэрца і розуму” часткі XIII і XIV.

Гэта першы дзіцячы часопіс у Расійскай імперыі, які выдаваўся ў 1785-1789 гг. ва універсітэцкай друкарні выдаўца і грамадскага дзеяча Мікалая Іванавіча Новікава штотыдзень як бясплатны дадатак да газеты «Московские ведомости». Нумары за квартал аб’ядноўваліся ў кніжкі. За пяць гадоў выйшла 20 такіх кніг. Адна з якіх і захоўваецца у фондах нашага музея ад 1995 года.

Часопіс карыстаўся вялікай папулярнасцю, захоўваючы цікавасць чытачоў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, пра што кажуць два яго перавыданні: у 1799-1804 і 1819 гг.

Выданне мела энцыклапедычны характар: на яго старонках друкаваліся навуковыя артыкулы, гутаркі аб з’явах прыроды, апавяданні, байкі, камедыі, жарты. У часопісе публікаваліся лепшыя творы заходнееўрапейскай літаратуры і філасофіі, падабраныя з улікам дзіцячай аўдыторыі. Асноўнае месца займае “вытанчаная славеснасць” – пераклады твораў павучальнага характару. Друкаваліся апавяданні пра жыццё вялікіх людзей, займальныя прыгоды, пастуховыя аповесці, байкі, казкі, вершы.

Пачытаць кнігу можна па спасылцы.

https://imwerden.de/pdf/detskoe_chtenie_dlya_serdtsa_i_razuma_ch14_1788_text.pdf

Старшы навуковы супрацоўнік Наталля Прачакова.