# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. “Горад якога няма. Гісторыя ў паштоўках”

Добры дзень, дарагія сябры нашага музея! Вось ужо паўгода мы сустракаемся па чацвяргах і раскрываем для вас чарговую музейную таямніцу. Я думаю, што сённяшняя таямніца будзе мець працяг, а мы выйдзем за звыклыя рамкі: размова будзе не столькі аб самім прадмеце, колькі аб тым, што на ім намалявана.

У фондах музея знаходзіцца невялікая калекцыя старажытных паштовак з відамі губернскага Магілёва. Адна з іх была падораная вядомым мастаком і мастацтвазнаўцам Вячкай Целешам, які ў 1998 годзе быў удзельнікам I Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Гісторыя Магілева: мінулае і сучаснасць». На падоранай паштоўцы намаляваны хупавы круглы храм-ратонда, больш падобны на знакамітую рымскую капэлу Тэмп’ета, чым на праваслаўны сабор. І тым не менш такі архітэктурны шэдэўр упрыгожваў наш горад.

У маі 1780 года ў памяць аб сустрэчы на магілёўскай зямлі самадзержыцы Усерасійскай Кацярыны II і аўстрыйскага імператара Іосіфа II адбылася закладка царквы св. Іосіфа. Храм задумваўся як унікальнае мемарыяльнае збудаванне. Сама імператрыца заяўляла, што «помніку, якi сведчыць аб гэтым спатканні, трэба было быць незвычайным». Таму ўсе эскізы будучай царквы прадстаўляліся на разгляд асабіста Кацярыне. Сярод мноства праектаў быў і канцэпт двараніна Мікалая Аляксандравіча Львова. Не будучы прафесійным архітэктарам, Львоў здолеў адлюстраваць тое, што не ўдалося прафесійным дойлідам – строгасць, кампактнасць, лёгкасць і ў той жа час веліч і манументальнасць будучага храма. Добрая воля імператрыцы да першага архітэктурнага твору М. А. Львова стала шчаслівым пачаткам яго творчага шляху. Наперадзе ў Мікалая Аляксандравіча былі сабор Барысаглебскага манастыра ў Таржку, асабняк Гаўрылы Раманавіча Дзяржавіна ў Пецярбургу, Мікалаеўская царква – радавой храм-пахавальня Качубееў у Дзіканьцы і шмат іншых архітэктурных шэдэўраў. Абразы для ўнутранага строя пісаў вядомы ў будучыні мастак-партрэтыст, а пакуль проста блізкі сябар архітэктара Уладзімір Баравікоўскі.

Сабор св. Іосіфа ў Магілёве стаў першым на беларускіх землях помнікам, створаным у стылі класіцызму. Але гэта не зберагло яго ад сумнай долі.

Некалькі абразоў пэндзля Баравікоўскага, медна-бронзавая купель (знаходзяцца ў экспазіцыі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея ім. Е. Р. Раманава) ды старая паштоўка з нашых фондаў – вось і ўсё, што засталося нашчадкам ад прыгожага архітэктурнага тварэння, варварску ўзарванага напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны.

Галоўны захавальнік фондаў, С. П. Атрошчанка