Музейныя таямніцы альбо з гісторыі аднаго прадмета. Другі том поўнага збору твораў М. Е. Салтыкова (Шчадрына)
Музейныя таямніцы…або з гісторыі аднаго прадмета.
Добры дзень! Музей гісторыі Магілёва вітае ўсіх гасцей нашай рубрыкі.
Эканамічнае развіццё горада Магілёва ў пачатку XX ст. было вельмі бурным. Даходы павышаліся, што дазваляла жыхарам надаваць увагу развіццю духоўных патрэбаў. Вялікую ролю ў гэтым плане аказвалі друкарні, кніжныя крамы і т.д. З’явілася магчымасць купляць цікавыя кнігі і фармаваць асабістыя бібліятэкі. Магілёўцы чыталі літаратуру розных жанраў, у тым ліку і вядомых рускіх пісьменнікаў. З адным з такіх экспанатаў я і хачу вас пазнаёміць.
У фондах нашага музея знаходзіцца кніга 1905 г. выдавецтва А. Ф. Маркса. Санкт-Пецярбург, якая з’яўляецца другім томам поўнага збору твораў М. Е. Салтыкова (Шчадрына), з «Матэрыяламі для біяграфіі М. Е. Салтыкова» Арсен’ева К. К. і з двума партрэтамі М. Е. Салтыкова (Шчадрына). Яна з’яўляецца дадаткам да вядомага часопісу «Ніва». Вокладка цёмнага колеру, Колькасць старонак 543. Маюцца невялікія заломы, пацёртасці, але захаванасць у цэлым добрая. У том уваходзяць творы: «Пампадур і пампадуршы» і «Гісторыя аднаго горада».
Міхаіл Яўграфавіч Салтыкоў-Шчадрын (1826-1889) – найвялікшы з рускіх пісьменнікаў-сатырыкаў, які у поўную меру валодае зброяй смеху. У сваіх творах аўтар тонка прыкмячаў супярэчнасці ў дваранска-буржуазным грамадстве. Як чыноўнік у пэўны момант свайго жыцця аўтар бачыў, як дзейнічае самадзяржаўная ўлада і неабходнасць паляпшэння яе дзейнасці. З вялікай павагай аўтар ставіўся да простага народу. У сваіх творах ён паказваў змены, якія адбыліся ў Расіі пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. і іншых рэформаў. Тым больш у яго была магчымасць у ходзе замежных паездак (1875-1876 і 1880-1881) пашырыць свой кругагляд і выпрацаваць новыя крытэрыі каб ацаніць усё, што адбываецца. Нягледзячы ні на што верыў у змяненне сітуацыі ў лепшы бок у жыцці народа. Такім чынам вывучэнне творчасці аўтара дазваляе зразумець гісторыю Расійскай імперыі, яе губерняў і стаўленне людзей да падзей. Яно фармуе новы светапогляд і актуальна ва ўсе часы.
Старшы навуковы супрацоўнік Сухаркоў В. В.