# play Навіны

100 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага.

18 лютага 2022 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага.
Міхаіл Андрэевіч Савіцкі – народны мастак Беларусі (1972) і СССР (1983), правадзейны член Расійскай акадэміі мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Першы, хто быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (1997). Указам Прэзідэнта Беларусі №135 ад 1 сакавіка 2006 года Міхаілу Савіцкаму было прысвоена званне “Герой Беларусі”.
Мастак нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звенячы Талачынскага раёна на Віцебшчыне. Дваццацігадовым юнаком ваяваў з фашыстамі ў шэрагах Чырвонай Арміі. Амаль у самым пачатку вайны апынуўся ў канцлагерах Дзюсельдорфа, Бухенвальда, Дахау. Цудам застаўся жывы.
Пасля вайны, у 1951 годзе, скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча ім. А. К. Глебава) і Маскоўскі мастацкі інстытут ім. Сурыкава (1957). Жыў і працаваў у Мінску. З 1980 года – кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску (з 1991 Творчыя акадэмічныя майстэрні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь).
Творчасць Міхаіла Савіцкага азнаменавала цэлую эпоху ў Нацыянальным мастацтве. Мастак праславіўся сваімі працамі на ваенную тэматыку ў галіне станковага і манументальнага жывапісу. Зварот Савіцкага да манументальнага мастацтва быў абумоўлены самой прыродай яго мастацкага мыслення. Для мастака характэрна публіцыстычнае, эмацыйна-экспрэсіўнае раскрыццё гістарычных і сучасных тэм. Творчасць Савіцкага вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў, іх філасофскім асэнсаваннем. У аснове твораў ваеннай тэматыкі-асабістыя ўражанні аб учынках фашыстаў.
Ваенная тэма не адзіная ў жывапісе Савіцкага. Залатым медалём Акадэміі мастацтваў БССР адзначана серыя Міхаіла Савіцкага “Чорная быль” (1987-1992).
Шмат карцін мастак прысвяціў тэме гісторыі станаўлення беларускай нацыянальнай культуры: “Сейбіты” (1972), цыкл палотнаў для музея Я. Купалы ў Мінску і інш.
Тэма сялянскай працы таксама прысутнічае ў творчасці майстра. У “мірных” палотнах стаўленне чалавека да зямлі, збожжа, хлеба выканана асаблівай глыбокай павагі.
Творы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, выставачным аб’яднанні “Цэнтральны дом мастака”, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве.
7 верасня 2012 года была адкрыта мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. У адкрыцці аб’екта прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі. На памяць аб наведванні Мастацкай галерэі кіраўнік дзяржавы пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.