# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Карціна Абрама Манасзона «Дрэвы каля ракі»

Дарагія сябры, як заўжды па чацвяргах з вамі праект “Музейныя таямніцы…. або з гісторыі аднаго прадмета”!
У 2015 годзе музей гісторыі Магілёва набыў у Кавалёва Андрэя Іванавіча першую карціну ў музейную калекцыю вядомага савецкага жывапісца Абрама Манасзона, якая называецца “Дрэвы ля ракі”.
Абрам Ісакавіч Манасзон нарадзіўся ў 1914 годзе ў Магілёве. Быў пятым дзіцем у сям’і рамесніка-слесара Іцхака Манасзона. Асновы мастацкай адукацыі атрымаў пад кіраўніцтвам старэйшага брата, які вучыўся ў Віцебску, дзе ў тыя гады выкладаў Юдэль Пэн, Казімір Малевіч і Марк Шагал, і вядомага жывапісца Натана Воранава, дарэчы, таксама ўраджэнца Магілёва. Пасля дэмабілізацыі з арміі ў 1934 годзе пераехаў у Маскву. У 1941 скончыў мастацкае аддзяленне Маскоўскага тэкстыльнага інстытута, яго настаўнікамі былі Аляксандр Купрын і Веніямін Эйгес. У пачатку сваёй кар’еры жывапісца Манасзон маляваў у асноўным пейзажы. Але паступова перайшоў да стварэння сюжэтных кампазіцый. У прыватнасці, карціны з цыкла “Успаміны пра мястэчка”, “Мой Магілёў” прысвечаны роднаму гораду мастака. У яго працах свой непаўторны, самабытны, каларыстычна-напоўнены стыль.
Цяпер карціна Абрама Манасзона «Дрэвы каля ракі» знаходзіцца ў музейнай экспазіцыі.