# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы або з гісторыі аднаго прадмета. Гісторыя дзесятая: “Абраз Раство Хрыстова”

Музей гісторыі Магілёва віншуе з Раством Хрыстовым усіх праваслаўных вернікаў і працягвае апавядаць чытачам пра музейныя таямніцы.

У фондах музея захоўваецца абраз Раство Хрыстова, які быў перададзены ў 1993 годзе фондам Адраджэння культурнай спадчыны Магілёва (быў такі!) разам з калекцыяй іншых беларускіх абразоў, што паклала пачатак калекцыі жывапісу нашага музея.

Гэтую калекцыю ў свой час сабраў на Магілёўшчыне і выратаваў ад знішчэння настаяцель Хоцімскага Свята-Троіцкага сабора архімандрыт Кірыл (Аляксей Бадзіч). За што яму нізкі паклон.

Абраз напісаны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, верагодна, гэта спіс з даўнейшага ўніацкага абраза і мае выразныя рысы ўплыву еўрапейскага мастацтва. Мае памер 52х36 см, напісаны алеем на суцэльнай дошцы. У цэнтры кампазіцыі немаўлятака Езус, які ляжыць у яслях. Багародзіца Марыя схілілася над сынам і трымае канцы пялюшкі. За яслямі святы Юзэф, зправа тры пастухі вітаюць у паклоне Збаўцу. На заднім плане з цемры спаглядаюць вол і асёл.

Абраз экспануецца зрэдку, бо быў наўмысна пашкоджаны і падрапаны ў часы пераследу рэлігіі, а цяпер чакае на рэстаўрацыю.

Старшы навуковы супрацоўнік Наталля Прачакова