Трагедыя вёскі Гараны.
З дня трагедыі вёскі Гараны Магілёўскага раёна прайшло 80 гадоў. Кожны кавалак тутэйшай зямлі напоўнены болем і пакутамі жыўцом спаленых людзей: пажылых, маладых і толькі якія распачалі жыць. Усіх іх не стала ў адно імгненне – і пачарнела неба над гэтай зямлёй.
Страшная доля спасцігла Гараны: загінула больш за 300 чалавек, знішчаныя ўсе 67 дамоў. А бо якое ціхае, утульнае, прыгожае месца! Людзі яго аблюбавалі яшчэ ў XVII стагоддзі, у 1667-м на ўзвышшы побач з возерам паставілі першыя хаты. У 1880-м тут было ўжо 29 дамоў, 210 чалавек паводле перапісу 1897-га. З’явіліся хлебазапасны магазін, вятрак, школа граматы, у 1931-м-калгас «Іскра сацыялізму». А з канца ліпеня 1941-га па 27 чэрвеня 1944-га вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
«У адзін з дзён, пасля таго як партызаны разграмілі валасное ўпраўленне акупантаў, што тут размяшчалася, у сяло прыбыў атрад карнікаў — не менш за 40 машын. Людзі спрабавалі схавацца ў хатах, але іх расстрэльвалі. Тых, хто выжыў сагналі ў некалькі дамоў, лазню, закалацілі дзверы, вокны, падпалілі. Пасля чаго пусціліся на пошукі тых, хто схаваўся. Знайшлі яшчэ чалавек 50, адкрылі па іх агонь” – распавядала Ганна Дзегцярова, сведка вогненнай трагедыі, якая сама ў 1943-м была на валасок ад смерці.
“Остановись, прохожий! Почти память жертв фашизма. Здесь 15 сентября 1943 года фашистские изверги заживо сожгли более 300 мирных жителей” – гэты надпіс на помніку набатам гучыць у сэрцах, якія жывуць – такое не павінна паўтарыцца!
Навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі Магілёва Пятром Хаванскім сумесна з в/ч 72471 была арганізавана памятная акцыя “Горкае гора вёскі Гараны”. У акцыі прымалі ўдзел ваенны рэканструктар Э.С. Карпюк, члены пошукавага клуба ВIККРУ А. У. Клемін, М. М. Нелюбін, навучэнцы СШ №12, СШ №5, гімназіі №4 з іх кіраўнікамі ваенна-патрыятычнага выхавання і выкладчыкамі. Непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы акцыі прыняў кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання СШ №12 У.Д. Лойка.
Акцыя прайшла ў выглядзе паездкі па месцах памяці: камень-помнік ахвярам нацыстаў на краі ляснога масіву вул. Раўчакова ў г. Магілёве – в. Гаi з наведваннем магілы партызанскай сувязной Бардзілоўскай А.У., па – зверску закатаванай акупантамі – Д. Гараны з наведваннем магілы жыўцом спаленых жыхароў гэтай вёскі – помнік ахвярам генацыду ў в. Палыкавічы. Удзельнікі акцыі даведаліся пра тыя страшныя падзеі, якія адбываліся ў месцах трагедый, пра жахлівыя злачынствы нацыстаў і іх прыслужнікаў, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.
Памятаць, ведаць і разумець пра трагічныя старонкі гісторыі нашай шматпакутнай зямлі неабходна для таго, каб не паўтарылася гэта больш ніколі.