Музейныя таямніцы. Пліта
Вітаем Вас, шаноўныя аматары гісторыі. З Вамі зноў “Музейныя таямніцы”.
Дзякуючы дапамозе дасведчаных магілёўцаў адну з даўніх музейных таямніц, атрымалася разгадаць. Таямніца атрымала трагічнае адценне.
У 1993 годзе пры расчыстцы падвала былого гаспадарчага флігеля архірэйскага палаца быў знойдзены фрагмент мармуровай пліты з надпісам на габрэйскай мове. З такой атрыбутацыяй прадмет і быў залічаны ў фонды. Апроч іншых, адной з версій было, што гэта шыльда нейкай установы на ідзіш 1920-1930 гг.
Сёлета атрымалася часткова надпіс расшыфраваць і атрыбутацыю удакладніць.
Тэкст з’яўляецца фрагментам 34 псальма “Блізкі Госпад да скрушлівых сэрцам, пакорных духам Ён выбаўляе.”
Шрыфт характэрны для надмагілляў 19-пач. 20 стагоддзяў. Атрымліваецца, што гэта – частка мацэвы (надмагільнай пліты) з эпітафіяй на старым іўрыце. Выбаіны, праўдападобна, з’яўляюцца слядамі ад куляў.
Трэба адзначыць, што белы мармур – матэрыял прывазны і ў нашым рэгіёне дарагі. То бок, надмагілле належыла чалавеку заможнаму. За савецкім часам надмагільныя пліты з могілак часта выкарыстоўваліся па-варварску: паўторна на новыя надмагіллі з перабітымі надпісамі, як будаўнічы матэрыял і нават клаліся ў дарогі пад асфальт. Гісторыю таго, як пліта трапіла ў падвалы флігеля архірэйскага палаца высветліць ужо не атрымаецца.
Старшы навуковы супрацоўнік Наталля Прачакова