Музейныя таямніцы. Партрэт ветэрана Леаніда Нікіфаравіча Мароза
Добры дзень, дарагія сябры!
2024 год – юбілейная дата аперацыі «Баграціён», падчас якой уся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад гітлераўскіх захопнікаў! У фондах музея гісторыі Магілёва ў калекцыі “Жывапіс” захоўваецца партрэт ветэрана Леаніда Нікіфаравіча Мароза, які ўдзельнічаў у фарсіраванні Дняпра і вызваленні Магілёва. Партрэт напісаны з натуры прадстаўніком магілёўскай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” Паўлам Іванавічам Дзімітрыядзі і падораны музею ў 2014 годзе асабіста Леанідам Нікіфаравічам. Гісторыя ветэрана натхняе і выклікае гонар! Леанід Нікіфаравіч рана даведаўся, што такое вайна, прызваны быў у 17 гадоў і з баямі прайшоў ад Тулы да Кенігсберга, не раз быў на мяжы смерці. У ліку ўзнагарод ветэрана 3 ордэны і 32 медалі, у прыватнасці, за вызваленне Магілёва – медаль “За адвагу”.
Старшы навуковы супрацоўнік музея Трафімава І.І.