Музейныя таямніцы. Медалік.
Вітаем Вас, шаноўныя чытачы. Рубрыка “Музейныя таямніцы” зноў раскажа Вам пра адзін з музейных прадметаў.
У фондах музея захоўваецца невялікі медалік з тых, такія даўней былі папулярныя ў каталіцкім асяроддзі рэгіёна.
У Магілёве Святы Антоній да таго ж здаўна лічыўся апякуном горада. Касцёл святога Антонія, што мясціўся на беразе Дняпра, меў шырокую вядомасць у наваколлі, дзякуючы цудатворнаму абразу святого Антонія.
З нагоды каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай у 1761 г. былі выраблены памятныя медалікі-каранаткі. Такія медалікі, як гэты, з выявай Бялыніцкага абраза і абраза св. Антонія біліся ўжо пасля каранацыі 1761 г. Па адбітку на гэтых медалікаў сёння можна меркаваць аб іканаграфіі магілёўскага абраза св. Антонія, які страчаны. На адным баку яго выява абраза Маці Божай Бялыніцкай і надпіс: “Matka Boska Białynicka módl się za nami”. На другім – выява абраза святога Антонія, які кленчыць перад алтаром, на якім ляжыць раскрытая кніга, а вышэй ў аблоках – дзіцятка Езус (апошні прыжыццёвы цуд святога ў Кампасамп’ера). У аблямоўцы – “S. Antoni Mohiłowski przyczyn się za nami”.
Медалікі выбіваліся немалым накладам ў трох варыянтах на розны дабрабыт: срэбныя, латуныя ці цынкавыя. Але ж сёння трапляюцца зрэдку, бо часта клаліся з нябожчыкам у труну.
Старшы навуковы супрацоўнік Наталля Прачакова