Музейныя таямніцы альбо з гісторыі аднаго прадмета. Нацюрморт Абрама Манасзона
Дарагія сябры! Сёння я пазнаёмлю вас з яшчэ адной працай, якая знаходзіцца ў калекцыі “Жывапіс”, якую напісаў вядомы савецкі мастак Абрам Манасзон. Гэты нацюрморт быў створаны аўтарам у 50-я гады XX стагоддзя. Карціна набытая ўстановай культуры “Музей гісторыі Магілёва” у 2018 годзе ў Сяргея Мікалаевіча Аграновіча, хормайстра Вялікага тэатра Беларусі. Жонка Сяргея Мікалаевіча з сям’і Манасзон.
Нагадаю, што нарадзіўся мастак у 1914 годзе ў Магілёве ў габрэйскай сям’і, дзе было пяцёра сыноў. У 1941 годзе скончыў Маскоўскі тэкстыльны інстытут, з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны ў войска і дэмабілізаваўся ў 1945 годзе. Трагедыя прыйшла ў сям’ю з вайной: двое з пяці братоў загінулі на фронце, бацькі – у Магілёўскім гета. Жах страты Абрам Ісакавіч выказаў пазней у серыі “Халакост”: журботныя твары, слёзы на вачах, пажары. Манасзона называюць адным з самых пранізлівых мастакоў дваццатага стагоддзя.
У пасляваенныя пяцідзесятыя ні адна выстава Маскоўскага Саюза мастакоў не абыходзілася без пейзажаў і нацюрмортаў Абрама Манасзона. У яго карцінах: багацце фарбаў, складанасць каларыту, каляровыя пераходы і, як вынік, ні на каго непадобная манера пісьма. Творчая спадчына Абрама Ісакавіча Манасзона захоўваецца ў музеях і прыватных зборах Рэспублікі Беларусь, Расіі, Ізраіля.