Навіны

Конкурс эскізаў!

Увага, конкурс эскізаў!

У межах арт-праекта “Магілёў вачыма гасцей”, што адбудзецца ў чэрвені 2020 года, запланаваны мастацкі роспіс фасаднай часткі двух будынкаў на вул. Ленінскай.

Нагадаем, што па замове музея, за кошт сродкаў гарадскога бюджэта і дзякуючы дапамозе спонсараў, падобныя мастацкія творы ўжо некалькі гадоў ствараюцца мастакамі горада – у 2017 годзе гэта быў роспіс будынка па вул. Ленінскай, 5а (аўтар – Рыгор Шараеў), у 2018 годзе – роспіс будынка музея этнаграфіі па вул. Першамайскай, 8 (аўтар – Вера Юркова). Сёлета для роспісу будуць прапанаваныя сцены дамоў па вул. Ленінскай – Школы мастацтваў №4 і жылога дома па вул. Ленінскай, 4.

Абраныя для роспісу фасады ствараюць перспектыву на месца, дзе існаваў адзін з самых велічных храмаў горада – Багаяўленская царква. Тут жа з пачатку XVII стагоддзя размяшчаўся Багаяўленскі манастыр, на тэрыторыі якога функцыянавала заснаваная Спірыдонам Собалем Брацкая друкарня.

Падчас сёлетняга конкурса эскізаў першачарговае значэнне будзе надавацца творам, якія будуць звязаныя з гісторыяй і спецыфікай гістарычнай забудовы навакольнай тэрыторыі.

Аўтары эскізаў з’яўляюцца выканаўцамі роспісу (асабіста, альбо ў складзе творчай групы). Для выканання роспісу прадугледжваецца фінансаванне за кошт сродкаў гарадскога бюджэта.

Конкурсныя прапановы можна высылаць на адрас: ratusha.mogilev@gmail.com да 1 мая.

Вынікі конкурса будзе падводзіць камісія, у склад якой увойдуць прадстаўнікі упраўленняў культуры, архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама, адміністрацыі УК “Музей гісторыі Магілёва”, Магілёўскай абласной арганізацыі “Саюза мастакоў Беларусі”. Рашэнне аб выкананні мастацкага роспісу будзе прымацца камісіяй да 15 мая 2020 г.