Арт-праект «Вясна, кветкі і многае іншае …»
З 3 сакавіка па 4 красавіка 2021 года пачне работу выставачны Арт-праект «Вясна, кветкі, і многае іншае …» ў выставачнай зале УК «Музей гісторыі Магілёва» па адрасе: вул. Першамайская, 5/1.
Галоўнай ідэяй выставачнага арт-праекта напярэдадні вясновага свята 8 Сакавіка стануць кветкі. Кветкі ва ўсіх праявах. Кветкі – сімвал маладосці, урадлівасці, ўвасабленне багацця і разнастайнасці прыроды. Ва ўсе часы яны натхнялі паэтаў і музыкаў, скульптараў і жывапісцаў. Прыгажосць кветкі, хвалюючая мастакоў на працягу многіх стагоддзяў, не страціла актуальнасці ў сучаснасці.
Адной з экспазіцый выставы стануць кветкавыя нацюрморты вядомых магілёўскіх мастачак Святланы Строгінай і Веры Юрковай. Іх па праву можна назваць сапраўднымі кветачніцамі. Не, яны не прадаюць букеты ў краме кветак, а пішуць дзіўныя карціны з далікатнымі кветкамі, гледзячы на якія, хочацца ўдыхнуць салодка-даўкі водар, які можа звовесці з розуму, які спалучае ў сабе ноткі ранняй вясны.
Выстава «Гарадскія джунглі», арганізатарам якой з’яўляецца зялёны блогер Вераніка Мунтян, пазнаёміць нас са сваімі «зялёнымі сябрамі», раскажа пра жыццё кветак і раслін у нашых дамах, аб суседстве з імі, пра тое, як можна выкарыстоўваць расліны ў інтэр’еры. Бо расліны займаюць адну з важных роляў у жыцці чалавека. Яны чысцяць нашы прасторы ад шкодных злучэнняў, якія нас атачаюць, яны супакойваюць, напаўняючы нашу прастору энергіяй жыцця і проста робяць нашы хаты асаблівымі і ўтульнымі. Бо расці яны могуць дзе заўгодна, нават у ваннай, калі там маецца акенца.
Пакаёвыя расліны сталі моднымі. Менавіта таму выстава «Гарадскія джунглі» выклікае ў жыхароў горада такую непераадольную цікавасць. Расліны ў бутэльцы, вертыкальнае азеляненне, жывыя пано, расліны драпежнікі, струнны сад, міні садок у шкляным посудзе і многае іншае вы можаце ўбачыць, наведаўшы выставу.
7 і 14 сакавіка ў 13-00 запланаваны майстар-клас па стварэнні флорарыума.
21 сакавіка ў 13-00 майстар-клас па стварэнні вясновых кампазіцый.
28 сакавіка ў 13-00 у нашых гарадскіх джунглях пройдзе кветкавы своп, на якім любы жадаючы зможа падзяліцца сваімі раслінамі і наўзамен выбраць любое упадабанае.
Умовы ўдзелу:
– прымаюцца ТОЛЬКІ пакаёвыя расліны ў пластыкавых або керамічных гаршочках любога памеру;
– таксама можна прынесці насенне, тронкі ці парасткі;
– расліны павінны быць у добрым стане, без прыкмет хвароб і / або шкоднікаў.
Калі нават вам няма чаго прынесці, усё роўна прыходзьце за новымі раслінамі і проста пагутарыць. Мы заўсёды рады пазнаёміцца з аднадумцамі і падзяліцца саветам па вырошчванні хатніх джунгляў.
Таксама, у рамках Арт-праекта, нашых гасцей чакае прыемны сюрпрыз. Усе экспазіцыі будуць напоўнены аксэсуарамі мінулага стагоддзя. Наведвальнікі змогуць акунуцца ў атмасферу 60-90-х гг. 20 стагоддзя і паглядзець, як жыхары таго часу праводзілі вольны час, якая была культура, як яны працавалі, што было модна, якія тэндэнцыі пераважалі ў дызайне. Цікава, што многае з таго часу захавалася. Напрыклад, тэлевізар па-ранейшаму застаецца цэнтрам гасцінай.
Гэтая выстава будзе цікавая для ўсіх, хто хоча атрымаць эстэтычнае задавальненне і добра правесці час.