# play # Ратуша Музейныя таямніцы

Музейныя таямніцы. Касцёл святога Францішка Ксаверыя

Добры дзень, дарагія сябры нашага музея! З вамі рубрыка “Музейныя таямніцы… ці з гісторыі аднаго прадмета”.

Мы з вамі ў чарговы раз з лёгкім сумам паглядзім на старадаўнюю паштоўку, прачытаем такую знаёмую назву і перанясёмся на 100 гадоў таму. Менавіта так у пачатку ХХ стагоддзя выглядаў Тэатральны пляц у губернскім Магілёве. А гісторыя найпрыгажэйшай царквы ў стылі барока, намаляванай на ёй, пачалася значна раней.

У 1678 годзе ў горадзе была заснавана езуіцкая рэзідэнцыя, а праз некалькі гадоў пачалося будаўніцтва калегіума. У 1699—1725 гг. на тэрыторыі культавага комплексу замест драўлянага быў узведзены каменны касцёл святога Францішка Ксаверыя. Тут жа знаходзіліся гарадская аптэка, а пазней музей і бібліятэка на 5000 кніг. У 1820 годзе ордэн езуітаў перастаў існаваць: калегіум улады ператварылі ў ваенна-афіцэрскую школу, а касцёл перайменавалі ў Васкрасенскую царкву.

Цяпер на падмурку калегіума стаіць будынак Магілёўскага музея этнаграфіі: адна з яго сцен з’яўляецца аўтэнтычнай сцяной XVIII стагоддзя, а вось царкву мы можам убачыць толькі на старажытнай паштоўцы. Яна была разбурана ў 1962 годзе.